Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/08/928419_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 11:40
08.11.2017 16:56 Палітыка, Грамадства

Беларускі ПЭН-цэнтр заклікаў улады спыніць палітычны пераслед Уладзіміра Някляева

Мінск, 8 лістапада. Беларускі ПЭН-цэнтр расцэньвае адміністрацыйны арышт паэта і палітыка Уладзіміра Някляева як факт націску за яго палітычныя перакананні. Пра гэта гаворыцца ў заяве кіраўніцтва пісьменніцкай арганізацыі.

Заяву падпісалі новаабраны старшыня ПЭН-цэнтра Таццяна Нядбай, яе намеснікі Павел Анціпаў, Уладзь Лянкевіч і Алена Казлова, а таксама члены рады — Уладзімір Арлоў, Сяргей Дубавец і Андрэй Хадановіч.

У дакуменце, тэкст якога мае БелаПАН, адзначана, што Някляева асудзілі на 10 сутак арышту "нібыта за заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве", прыняўшы рашэнне аб яго вінаватасці на аснове "цытат з замежнага інтэрнэт-сайта charter97.org, дзе ёсць спасылка на інтэрв'ю, якое паэт даў 16 кастрычніка польскаму інфармацыйнаму тэлеканалу "Белсат". Абвінавачванні такога роду, на думку аўтараў заявы, "супярэчаць міжнародным стандартам і абмяжоўваюць права на выказванне свайго меркавання, гарантаванае у тым ліку Канстытуцыяй".

"Лічым, што вынесены Уладзіміру Някляеву прысуд па абвінавачванні ў здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння неабгрунтаваны і недапушчальны. Ужываючы ў дачыненні да 71-гадовага Някляева, які мае сур'ёзныя праблемы са здароўем, неабгрунтаванае і нематывавана жорсткае пакаранне, звязанае з пазбаўленнем волі, улады ставяць пад пагрозу яго здароўе і жыццё", — падкрэслілі члены рады ПЭН-цэнтра.

Дзеянні ўлад у адносінах да Някляева яны расцэньваюць як факт "рэпрэсій" і "ціску за палітычныя перакананні".

ПЭН-цэнтр заклікаў улады "спыніць пераслед, скасаваць прысуд у дачыненні да Уладзіміра Някляева", а таксама звярнуўся да міжнароднай супольнасці "з просьбай падтрымаць гэты заклік".

1 лістапада суддзя суда Ленінскага раёна Мінска Святлана Мятлёнак пакарала Някляева 10-сутачным арыштам за нібыта заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным "Маршы абураных беларусаў 2.0" супраць сацыяльна-эканамічнай палітыкі ўладаў, які прайшоў у Мінску 21 кастрычніка і ў якім апазіцыйны палітык не ўдзельнічаў. Пасля вынясення прысуду Някляева не затрымалі, ён бесперашкодна пакінуў будынак суда.

Як заклік ісці на марш суд расцаніў фрагмент інтэрв'ю паэта і апазіцыйнага палітыка тэлеканалу "Белсат", тэкст якога быў размешчаны на сайце "Хартыя-97". На пытанне, чаму беларусы павінны пайсці на гэтую акцыю, Някляеў адказаў: "Дэкрэт № 3, супраць якога актыўна пратэставалі на працягу больш як год не толькі прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі, але і ўсе беларусы, па сутнасці не адменены. Лукашэнка спачатку пагадзіўся з тым, што ён няправільны, што трэба нават вярнуць грошы тым людзям, якія ў іх былі адабраныя, і некаторым людзям вярнулі. Я быў на адной сустрэчы, і там казалі: "Чаго мы пойдзем на гэтую пратэстную акцыю, калі нам вярнулі грошы?" Але па сутнасці ён, я маю на ўвазе дэкрэт, не адменены, і там нават зробленыя не лепшыя для простага чалавека, а больш жорсткія ўдакладненні. Практычна па гэтым дэкрэце ўсіх, хто з-за нейкай прычыны часова або пастаянна не мае працы, можна заявіць дармаедамі і займацца паборамі з іх. Так што калі ёсць воля абараняць свае правы, то трэба ісці і іх абараняць".
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239