Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/09/928519_928523/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 00:04
09.11.2017 11:37 Эканоміка, Фінансы

МВФ рэкамендуе Беларусі хутчэй рэфармаваць дзяржсектар

Мінск, 9 лістапада. Міжнародны валютны фонд лічыць, што Беларусі неабходна хутчэй праводзіць глыбокія рэформы ў сектары дзяржаўных прадпрыемстваў, заявіў кіраўнік місіі МВФ Пітэр Долман 9 лістапада на брыфінгу ў Мінску.
Місія МВФ па правядзенні штогадовых кансультацый з уладамі краіны адносна сітуацыі ў эканоміцы знаходзіцца ў Мінску з 26 кастрычніка па 10 лістапада.

Як адзначыў Долман, згодна з прагнозам фонду, рост эканомікі Беларусі ў 2017 годзе складзе 1,7%, а ў сярэднетэрміновай перспектыве застанецца на ўзроўні 2%. "Аднаўленне эканамічнага росту тлумачыцца істотным паляпшэннем знешнеэканамічных умоў і з'яўляецца следствам дзеянняў уладаў, скіраваных на стабілізацыю эканомікі", — сказаў Долман.

Ён заўважыў, што палітыка ўладаў дазволіла стабілізаваць абменны курс і знізіць інфляцыю да гістарычнага мінімуму. Аднак, падкрэсліў Долман, гэтых мер недастаткова для паскарэння эканомікі.

"Фактары ўразлівасці беларускай эканомікі застаюцца значнымі, што адлюстроўвае наступствы крызісаў і тлумачыцца тым, што сектар дзяржпрадпрыемстваў нерэфармаваны. Шматлікія дзяржпрадпрыемствы ўсё яшчэ спадзяюцца на дапамогу з боку дзяржавы", — канстатаваў кіраўнік місіі.

У сувязі з гэтым МВФ рэкамендуе беларускім уладам зрабіць пэўныя захады ў кірунку структурных рэформаў. "Фіскальная і манетарная палітыка не могуць ліквідаваць структурныя фактары, якія абмяжоўваюць эканамічны рост. Таму ўраду варта рэалізаваць паглыбленыя рэформы ў сектары дзяржпрадпрыемстваў больш хуткімі тэмпамі, а таксама стварыць умовы для хуткага развіцця прыватнага сектара", — заявіў Долман.

Паводле ацэнкі МВФ, працягнуў ён, сярэднетэрміновыя тэмпы эканамічнага росту захаваюцца ў Беларусі на ўзроўні 2%, калі краіна не зробіць дадатковых крокаў у кірунку рэфармавання дзяржаўнага сектара. "У выпадку рэалізацыі рэкамендаваных рэформаў тэмпы росту эканомікі ў сярэднетэрміновым перыядзе могуць скласці 4% і больш. Такое развіццё падзей дазволіла б Беларусі наблізіцца да ўзроўню даходаў іншых краін Еўропы", — адзначыў кіраўнік місіі.

Тым не менш, паводле яго слоў, пакуль беларускія ўлады арыентуюцца на павольнае правядзенне рэформаў, гэта пакідае эканоміку ўразлівай ў адносінах да будучых шокаў.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239