Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/10/928748_478559/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 00:27
10.11.2017 13:50 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка патрабуе рэнтабельнасці ад сельгаспрадпрыемстваў, якія апынуліся на мяжы банкруцтва

Мінск, 10 лістапада. Вынікам працы па аздараўленні адсталых сельгаспрадпрыемстваў павінен стаць іх выхад на рэнтабельную вытворчасць, заявіў Аляксандр Лукашэнка 10 лістапада на нарадзе аб унясенні зменаў ва ўказ № 253 "Аб мерах па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый".

Указ быў прыняты ў ліпені 2016 года і скіраваны на аднаўленне плацежаздольнасці прадпрыемстваў, якія апынуліся ў крытычным становішчы.

"У першую чаргу мяне, вядома ж, цікавіць фінансавы стан сельгасарганізацый. Галоўнае — прыбытак і рэнтабельнасць. Як мяне інфармавалі падчас уборачнай, цэны сёння прыстойныя на тавары і прадукты, якія мы вырабляем, што дазваляе нам трымаць рэнтабельнасць продажу ад 15 да 80%", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

"Што было не ўлічанае і без якіх нормаў гэты ўказ не можа працаваць у адпаведнасці з вашымі пажаданнямі і выхадам сельгасарганізацый на прыбытковую працу? Хацелася б ведаць, што дадуць змены ў гэты ўказ для сельскай гаспадаркі, ці дастаткова ўносяцца зменаў для стабільнай працы сельгасарганізацый?" — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка нагадаў пра адказнасць за распрацоўку такіх дакументаў як членаў урада, так і спецыялістаў. "Частыя змены ніколі не былі на карысць тым, хто займаецца асабліва матэрыяльнай вытворчасцю, — рэальнаму сектару эканомікі", — сказаў ён.

Намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы паведаміў, што на момант прыняцця ўказа № 253 у краіне налічвалася 425 такіх прадпрыемстваў, з іх пад працэдуру дасудовага аздараўлення трапілі 323, пад працэдуру антыкрызіснага кіравання — 102. "Вынікі працы за першае паўгоддзе паказваюць, што ўказ правільны, прыняты своечасова. За паўгода 32 арганізацыі аднавілі плацежаздольнасць і пачалі працаваць па нармальным цыкле, палепшыла каэфіцыент плацежаздольнасці 131 арганізацыя, на ранейшым узроўні засталіся 80, у 68 арганізацый на сённяшні дзень каэфіцыент плацежаздольнасці пагоршаны", — сказаў віцэ-прэм'ер.

Месяц таму рашэнні па аздараўленні сельгаспрадпрыемстваў абмяркоўваліся на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў. Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў у прыватнасці адзначыў: "Кіраўніком дзяржавы па кожнай вобласці прынятае рашэнне аб рэструктурызацыі часткі абавязацельстваў мяса-, малака- і збожжаперапрацоўчых арганізацый перад банкамі ў памеры больш за 3 млрд рублёў. У 2016—2017 гадах з прычыны рэструктурызацыі запазычанасці вызваляюцца абаротныя сродкі ў суме прыблізна 2,4 млрд рублёў". Прэм'ер звярнуў увагу на недапушчальнасць невыканання арганізацыямі даведзеных да іх заданняў, гадавых паказчыкаў эфектыўнасці і абавязковых умоў аказання дзяржпадтрымкі.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН