Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/10/928752_478569/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 07:49
10.11.2017 13:58 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка папярэджвае міністраў і кіраўнікоў абласцей аб недапушчальнасці фальсіфікацыі вынікаў уборачнай кампаніі

Мінск, 10 лістапада. Аляксандр Лукашэнка папярэджвае міністраў і кіраўнікоў абласцей аб недапушчальнасці фальсіфікацыі вынікаў уборачнай кампаніі. Гэта вынікае з яго заяў, што прагучалі 10 лістапада на нарадзе аб рэалізацыі норм указа № 253 "Аб мерах па фінансавым аздараўленні сельскагаспадарчых арганізацый".

Кіраўнік дзяржавы, у прыватнасці, адзначыў, што згодна з запэўненнямі службовых асоб урада і Мінсельгасхарча ўборачная кампанія ў краіне павінна была завяршыцца да 7 лістапада. "Што на сённяшні дзень? Хацеў бы пачуць адказ на гэтае пытанне. Крый божа, калі я замест інфармацыі атрымаю дэзынфармацыю. Я маю на ўвазе тую інфармацыю, што мне нядаўна падаў Камітэт дзяржкантролю, згодна з якой або міністры не валодаюць становішчам у сельскай гаспадарцы, або наўмысна разам з губернатарамі фальсіфікуюць ход і вынікі ўборачнай кампаніі", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Лукашэнка пацікавіўся тым, як рыхтуецца глеба пад ураджай наступнага года, якая сітуацыя з назапашваннем мінеральных угнаенняў і як забяспечаная зімоўка жывёлы. "Жыццё не заканчваецца 2017 годам, таму ураджай будучыні закладваецца ўжо сёння. Хацелася б ведаць, як вы бачыце перспектывы 2018 года", — сказаў ён.

"Год быў няпросты, мы звярталіся да спецыялістаў, сялян, — дадаў Лукашэнка. — Яны адгукнуліся і на маю просьбу, уборку збожжавых правялі ў сціслыя тэрміны, досыць эфектыўна". "Натуральна, прыходзіць час, калі людзей трэба аддзячыць. Як мы будзем гэта рабіць, калі падвядзем вынікі гэтага сельскагаспадарчага года?" — пацікавіўся ён ва ўдзельнікаў нарады.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН