Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/15/929471_889745/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:16
15.11.2017 14:11 Палітыка

Першы віцэ-спікер Вярхоўнай рады Украіны Герашчанка назвала галасаванне Беларусі ў ААН па рэзалюцыі аб сітуацыі з правамі чалавека ў Крыме "нажом у спіну"

Мінск, 15 лістапада. "Нажом у спіну" назвала першы віцэ-спікер Вярхоўнай рады Украіны Ірына Герашчанка галасаванне Беларусі ў ААН па рэзалюцыі аб сітуацыі з правамі чалавека ў Крыме.

Як паведамляе сайт ААН, за прыняцце рэзалюцыі аб сітуацыі з правамі чалавека ў Крыме і Севастопалі прагаласавала 71 краіна, 25 — супраць, 77 — устрымаліся. Якія канкрэтна краіны прагаласавалі за і супраць, не ўдакладняецца.

Ірына Герашчанка паведамляе на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку", што Беларусь прагаласавала супраць прыняцця гэтай рэзалюцыі. "У аўторак трэці камітэт ААН прагаласаваў за абноўленую, жорсткую і вельмі важную рэзалюцыю па сітуацыі з правамі чалавека ў акупаваным Крыме. За — больш як 70 краін, амаль столькі ж устрымаліся. Супраць — толькі 25. Сярод іх — Беларусь. Разам з РФ, вядома, — адзначыла Герашчанка. — Гэта не нейтральная пазіцыя, а цалкам канкрэтная. Нейтральныя краіны хаця б устрымаліся, Беларусі зноў не хапіла "нейтральнасці" для адрознай ад РФ пазіцыі. Але пры гэтым Мінск прэтэндуе на пэўныя міратворчыя лаўры, адзначаючы, што стварае нейтральную пляцоўку для перамоў па Данбасе".

Герашчанка падкрэслівае, што ўчарашняе галасаванне беларускай дэлегацыі "супярэчыць гучным заявам пра нейтральнасць". "Гэта другі нож у спіну Украіны. Пасля такога ж леташняга галасавання. Выклала сваю пазіцыю максімальна дыпламатычна, маўчаць не лічу магчымым", — напісала першы віцэ-спікер Вярхоўнай рады.

Генеральная асамблея ААН будзе галасаваць па гэтай рэзалюцыі ў снежні.

Летась Беларусь таксама галасавала супраць прыняцця рэзалюцыі "Сітуацыя з правамі чалавека ў акупаванай Аўтаномнай Рэспубліцы Крым і горадзе Севастопаль (Украіна)". Беларускае МЗС тады растлумачыла гэта тым, што краінавыя праваабарончыя рэзалюцыі не скіраваныя на заахвочванне правоў чалавека, а выкарыстоўваюцца асобнымі краінамі ў сваіх інтарэсах супраць іншых дзяржаў, Беларусь галасуе супраць усіх такіх рэзалюцый.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239