Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/15/929504_445879/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:54
15.11.2017 14:22 Палітыка

Лаўроў: Расія і Беларусь заклапочаныя спробамі НАТА дэманізаваць іх ваеннае супрацоўніцтва

Мінск, 15 лістапада. Расія і Беларусь заклапочаныя спробамі НАТА "дэманізаваць іх ваеннае супрацоўніцтва дзеля абгрунтавання нарошчвання узброеных сіл альянсу на ўсходнім флангу", заявіў журналістам міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў паводле вынікаў перамоў з кіраўніком МЗС Беларусі Уладзімірам Макеем 15 лістапада ў Маскве.

"Мы абмеркавалі сітуацыю, якая склалася ў адносінах паміж нашымі краінамі і Паўночнаатлантычным альянсам. У прыватнасці, выказалі заклапочанасць спробамі дэманізаваць расійска-беларускае ваеннае супрацоўніцтва, у тым ліку ў кантэксце вучэнняў "Захад-2017", якія адбыліся ў верасні, і выкарыстаць гэтую прапагандысцкую кампанію для таго, каб абгрунтоўваць дадатковае разгортванне ваенных сіл НАТА на ўсходнім флангу", — цытуе Лаўрова ТАСС.

Паводле слоў кіраўніка МЗС Расіі, на перамовах падрабязна абмяркоўвалася сітуацыя ў рэгіёне, асабліва напярэдадні пасяджэння Савета міністраў замежных спраў АБСЕ, што павінна адбыцца 7—8 снежня ў Вене. "Мы ўзгаднілі нашы падыходы да асноўных пытанняў парадку дня гэтага міністэрскага пасяджэння", — сказаў Лаўроў.

Лаўроў дадаў, што Расія і Беларусь выступаюць за наладжванне ўстойлівых кантактаў паміж Еўразійскім эканамічным саюзам і Еўрапейскім саюзам. "Мы гаварылі аб узаемадзеянні ў межах розных інтэграцыйных структур, у першую чаргу па лініі Еўразійскага эканамічнага саюза, дзе ў наступным годзе функцыі старшыні будзе ажыццяўляць Расія. Дамовіліся прыкладаць і далей неабходныя намаганні, каб дапамагаць знешнепалітычным суправаджэннем развіццю еўразійскай інтэграцыі і нарошчванню сувязяў ЕАЭС з замежнымі партнёрамі", — сказаў кіраўнік МЗС РФ.

Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239