Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/15/929511_929527_123456/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 09:07
15.11.2017 16:16 Палітыка

Беларусь і Расія падпісалі праграму ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2018—2019 гады

Мінск, 15 лістапада. Беларусь і Расія 15 лістапада па выніках перамоў у Маскве міністраў замежных спраў Уладзіміра Макея і Сяргея Лаўрова падпісалі праграму ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі на 2018—2019 гады, паведамляе ў "Твітэры" МЗС Беларусі.

Па выніках сустрэчы Макей заявіў журналістам, што ў адносінах Беларусі і Расіі няма рознагалоссяў, якія нельга вырашыць. Па словах міністра, бакі адзначылі станоўчую дынаміку ўзаемнага гандлю ў гэтым годзе: узаемны тавараабарот павялічыўся на 20%, што, як адзначыў міністр, гаворыць пра многае. "Спрэчныя пытанні ў гандлёва-эканамічнай сферы перыядычна ўсё ж узнікаюць, аднак вопыт нашых адносін сведчыць аб тым, што рознагалоссяў, якія нельга вырашыць з дапамогай разумных кампрамісаў, не існуе", — цытуе Макея дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Кіраўнік МЗС Беларусі падкрэсліў, што краіны працягваюць курс на паглыбленне інтэграцыйнага ўзаемадзеяння, фарміраванне ўзгодненай палітыкі ў АБСЕ і іншых міжнародных арганізацыях. "Мы таксама абмеркавалі пытанні пазіцыянавання Еўразійскага эканамічнага саюза за мяжой і сфармулявалі пэўныя прапановы па гэтай тэме, якія накіруем нашым партнёрам", — удакладніў Макей.

Паводле яго слоў, праграма ўзгодненых дзеянняў у галіне знешняй палітыкі дзяржаў — удзельніц Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы на 2018—2019 гады — "гэта больш за 30 старонак дробнага почырку". "Там прапісана вельмі шмат мерапрыемстваў, якія мы павінны рэалізаваць на працягу бліжэйшых двух гадоў. Яны тычацца нашага ўзаемадзеяння і на двухбаковых пляцоўках, і ў розных міжнародных арганізацыях. Я перакананы, што рэалізацыя гэтай праграмы будзе спрыяць устанаўленню яшчэ больш цесных, даверных кантактаў паміж нашымі міністэрствамі і краінамі", — падкрэсліў ён.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239