Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/15/929636_929637/
Дата раздрукоўкі: 24.04.2018 23:45
15.11.2017 20:35 Палітыка

Сайдзік: Магчымае ўвядзенне міратворчай місіі на Данбас пакуль не з'яўляецца прадметам перамоў кантактнай групы

Мінск, 15 лістапада. Магчымае ўвядзенне міратворчай місіі на Данбас пакуль не з'яўляецца прадметам перамоў трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, заявіў спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік, адказваючы на пытанні журналістаў па выніках чарговага пасяджэння, якое прайшло 15 лістапада ў Мінску.
"Гэтае пытанне не абмяркоўвалася, таму што гэта тут не з'яўляецца прадметам перамоў. Магу сказаць — пакуль не з'яўляецца, і мы гэтае пытанне не абмяркоўваем", — сказаў дыпламат.

15 лістапада ў Маскве кіраўнік беларускага МЗС Уладзімір Макей па выніках сустрэчы з расійскім калегам Сяргеем Лаўровым заявіў, што Беларусь гатовая накіраваць міратворцаў ва Украіну.

"Мы гатовыя вылучыць адпаведны міратворчы кантынгент, калі гэта будзе прымальна ўсім зацікаўленым краінам, для таго каб удзельнічаць у вырашэнні міратворчых задач", — адзначыў Макей.

Кіраўнік МЗС падкрэсліў, што пазіцыя Беларусі па сітуацыі ва Украіне даўно вядомая: краіна "вельмі зацікаўлена ў як мага больш хуткім усталяванні там стабільнасці". "Мы, вядома ж, гатовыя зрабіць усё для таго, каб гэтая канфліктная сітуацыя, якая сёння існуе, вырашылася і ў гэтыя раёны прыйшлі мір і спакой", — дадаў ён.

Макей нагадаў, што Мінск стаў пляцоўкай для рэгулярных перамоў трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны. "Як бы хто ні ацэньваў дзейнасць гэтай трохбаковай кантактнай групы, я лічу, што яна ўносіць прадуктыўны, важны ўклад ва ўрэгуляванне крызісных сітуацый. Мы маем намер і надалей выдзяляць пляцоўку, рабіць усё магчымае для забеспячэння міру і стабільнасці ў гэтым рэгіёне", — заявіў міністр.

У сваю чаргу Лаўроў адзначыў, што пазіцыя Беларусі па ўрэгуляванні крызісу ва Украіне "адлюстроўвае і пазіцыю Расіі, якая зафіксавана ў праекце рэзалюцыі Савета бяспекі ААН". Аднак, дадаў ён, гэты дакумент "ужо пару месяцаў ляжыць на стале і яго абмеркаванне сабатуецца". "Праца над гэтай тэмай працягваецца. У нашым праекце рэзалюцыі пазначаны абсалютна неабходныя крытэрыі міратворчай аперацыі, якія ўстаноўлены ў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый", — заявіў кіраўнік МЗС Расіі.

Магчымасць увядзення міратворцаў пад эгідай ААН на Данбас абмяркоўваецца з 2015 года па ініцыятыве афіцыйнага Кіева. У верасні 2017 года магчымасць увядзення місіі дапусціў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.

Міністр замежных спраў Украіны Павел Клімкін 10 лістапада заявіў, што Кіеў узгадніў з ЗША асноўныя тэзісы праекта рэзалюцыі ААН па міратворчай місіі на паўднёвым усходзе Украіны. "Мы ўзгаднілі асноўныя параметры нашай пазіцыі, у нас фактычна гатовы тэкст рэзалюцыі, наш праект. Я маю на ўвазе наш, таму што гэта і ЗША, і Германія, і Францыя, і працуем з Вялікабрытаніяй з вельмі выразнай логікай", — сказаў Клімкін.

Аляксандр Лукашэнка між тым неаднаразова заяўляў, што Беларусь, садзейнічаючы ўрэгуляванню канфлікту на паўднёвым усходзе Украіны, не займаецца міратворчасцю. "Мы не міратворцы. Мы не напрошваліся на гэтую функцыю. Мы нікога не збіраемся мірыць, калі нас аб гэтым не просяць. Я баюся толькі аднаго: калі мы на ўсходзе будзем ваяваць, ва Украіне, мы ў гэтае балота збярэм усю дрэнь з усяго свету", — сказаў ён на прэс-канферэнцыі ў лютым 2015 года.

Рэакцыі афіцыйнага Кіева на выказванні Макея пакуль няма.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН