Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/16/929704_929705/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 21:16
16.11.2017 13:45 Эканоміка, Фінансы

Лукашэнку хацелася б, "каб банкаўская сістэма не была зборышчам тлустых катоў"

Мінск, 16 лістапада. Заработная плата ў банкаўскай сферы павінна адпавядаць узроўню зарплат, які склаўся ў краіне, заявіў Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы 16 лістапада даклад па асобных пытаннях крэдытна-фінансавых арганізацый.
"Але мы ведаем рэальнасць, у якой жыве народ Беларусі: сёння ніхто не панствуе. Пяцьсот долараў, ці тысячу рублёў, пра якія мы гаварылі ... з такой вялікай цяжкасцю ва ўрада, і ў тым ліку Нацыянальнага банка з падкантрольнымі банкамі, так цяжка ідзе гэтае пытанне. Дык давайце будзем адпавядаць і ў банкаўскай сістэме гэтаму. Гэта значыць зарплата павінна быць заробленай, заўсёды банкіры пра гэта кажуць, і я іх у гэтым падтрымліваю. Па ўсёй краіне дарэмна платы быць не павінна. Значыць, і ў банкаўскай сістэме зарплата павінна быць заробленай", — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба.

Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што банкіры раздзяляюць сваю зарплату і заробленыя бонусы. "А што гэта не грошы? — пацікавіўся ён. — Можна выбудаваць такую сістэму, што будзеш капейкі атрымліваць на працягу месяца, года, а бонусамі можна падавіцца, як у народзе кажуць. Таму давайце глядзець у цэлым на тое, як гэта будзе выглядаць. Я толькі што казаў пра ўзровень заработнай платы ў краіне. Хацелася б, каб банкаўская сістэма не была (цытую народ) "зборышчам тлустых катоў" — гэта не толькі кажа рабочы і селянін, гэта кажа ўся інтэлігенцыя. Банкаўскія работнікі павінны адпавядаць таму ўзроўню, які склаўся ў краіне па заработнай плаце і даходах".

"Не стану ўтойваць, напэўна, з падачы ўрада мы абыходзім галоўнае пытанне, па якім сёння таксама будзе размова: грашовае забеспячэнне, заработная плата, бонусы работнікаў і кіраўнікоў банкаўскіх устаноў. Тут мяне перасцерагаюць ад адкрытай на гэтую тэму размовы: што гэта, маўляў, не спадабаецца МВФ, можа, і яшчэ нейкім міжнародным арганізацыям. Пакуль я прэзідэнт Беларусі і не планую быць прэзідэнтам ці кіраўніком міжнародных арганізацый. Таму і вам таксама раю адказваць і займацца пытаннямі Беларусі", — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, пасля аптымізацыі ў дзяржорганах быў выразна выбудаваны ўзровень зарплаты. "Ад прэм'ер-міністра да старшыні сельсавета — усё дакладна і пэўна: скарачаешся, з'яўляюцца свабодныя грошы — забірай, размяркоўвай сярод тых, хто застаўся. Вось у гэтую сістэму павінна быць умантаваная і банкаўская сістэма, у тым ліку і кіраўнікоў нашых банкаў. Як бачыце, я тут не раздзяляю прыватныя банкі і дзяржаўныя. Ёсць старшыня Нацыянальнага банка, устаноўлена яму грашовае забеспячэнне — пачынайце ад старшыні Нацыянальнага банка", — сказаў Лукашэнка.

Заработная плата, падкрэсліў ён, павінна адпавядаць якасці і аб'ёму выкананых работ. "Не думаю, што кіраўнік канкрэтнага прыватнага ці дзяржбанка працуе больш і якасней, чым старшыня Нацыянальнага банка. Калі так, то трэба прэзідэнту задумацца. Але пакуль я бачу, што гэта не так. Таму прывязаць заработную плату з бонусамі і іншым да старшыні Нацыянальнага банка — гэта цалкам нармальна", — упэўнены кіраўнік дзяржавы. Банкі, паводле яго слоў, "не павінны выпінацца ў агульнай сістэме дзяржавы".

Лукашэнка таксама звярнуў увагу на тое, што ў банкаў няма сваіх грошай — яны карыстаюцца сродкамі фізічных і юрыдычных асоб.

Паводле звестак Белстата, у верасні гэтага года сярэдняя намінальная зарплата работнікаў у сферы фінансавых паслуг склала 1.288,6 рубля пры сярэднім заробку па краіне ў 831,3 рубля.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239