Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/16/929846_123456/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 08:55
16.11.2017 22:09 Палітыка

МЗС разлічвае, што Кіеў дасць прававую ацэнку выказванням украінскага палітыка Мірашнічэнкі аб неабходнасці ствараць у Беларусі дыверсійна-разведвальныя групы

Мінск, 16 лістапада. МЗС разлічвае, што Кіеў дасць прававую ацэнку выказванням ўкраінскага палітыка Ігара Мірашнічэнкі аб неабходнасці ствараць у Беларусі дыверсійна-разведвальныя групы.

"Што да не зусім адэкватных заяў у адрас Беларусі. Добра, што іх аўтары ў асноўным — палітычныя маргіналы або асобы, не надзеленыя рэальнай уладай. Іх "выкрывальныя" адкрыцці і падлік "нажоў у спіну" адрасаваныя ўкраінскай аўдыторыі і з'яўляюцца чарговай спробай прыцягнуць да сябе ўвагу", — заявіў прэс-сакратар знешнепалітычнага ведамства Дзмітрый Мірончык.

"Але калі за гэтым ідуць заклікі ствараць "сур'ёзныя дыверсійна-разведвальныя групы" і "праводзіць дыверсіі" на тэрыторыі Беларусі, гэта ўжо за межамі палітычнага піяру, — лічыць афіцыйны прадстаўнік МЗС.  — Тут патрэбная ўвага або ўрачоў, або праваахоўных органаў. А лепш — і тых, і другіх".

"Зыходзім з таго, што ўкраінскі бок дасць гэтаму падбухторванню да тэрарызму як мінімум палітычную, а лепш — прававую ацэнку", — адзначыў Мірончык.

"Мы шчыра жадаем міру суседняй Украіне і гатовыя рабіць усё магчымае для яго дасягнення — часам нават раней, чым да гэтага даспяваюць удзельнікі перамоўнага працэсу, — падкрэсліў ён. — Зараз тэма міратворцаў на Данбасе абмяркоўваецца і паказваецца ў форме праектаў рэзалюцый Савета бяспекі ААН. Мы гаварылі пра гэта яшчэ ў кастрычніку 2014 года. І ад сваіх слоў не адмаўляемся, як і пацвердзіў учора кіраўнік МЗС Беларусі".

Былы дэпутат Вярхоўнай рады Украіны, дэпутат Кіеўскага гарадскога савета ад Усеўкраінскага аб'яднання "Свабода" Ігар Мірашнічэнка заклікаў ўвесці з Беларуссю візавы рэжым і стварыць дыверсійна-разведвальныя групы на тэрыторыі краіны, каб вырваць яе з сферы ўплыву Расіі.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239