Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/16/eu_eu_929676_456321/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 22:57
16.11.2017 10:59 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

У Стакгольме зноў адкрытае беларускае пасольства

Мінск, 16 лістапада. У Стакгольме 15 лістапада пры ўдзеле намесніка міністра замежных спраў Беларусі Алега Краўчанкі і дзяржаўнага сакратара МЗС Швецыі па пытаннях ЕС і гандлю Оскара Стэнстрома адбылася афіцыйная цырымонія адкрыцця беларускага пасольства.

У гэты ж дзень прайшлі беларуска-шведскія кансультацыі паміж МЗС. Шведскую дэлегацыю на перамовах узначаліла дзяржаўны сакратар МЗС Аніка Сёдэр.

Як паведаміла прэс-служба беларускага знешнепалітычнага ведамства, удзельнікі кансультацый абмеркавалі шырокі спектр пытанняў двухбаковага і шматбаковага парадку дня, уключаючы перспектывы развіцця супрацоўніцтва са Швецыяй у палітычнай і гандлёва-эканамічнай сферах, паглыбленне дыялогу па лініі Беларусь — ЕС, падрыхтоўку да саміту ў межах ініцыятывы ЕС "Усходняе партнёрства", які пройдзе 24 лістапада ў Бруселі.

Падчас візіту адбылася таксама сустрэча Краўчанкі з генеральным дырэктарам сакратарыята Савета дзяржаў Балтыйскага мора Майрай Морай, якая ў 2004—2010 гадах была паслом Латвіі у Мінску, а ў 2011—2015 гадах узначальвала прадстаўніцтва ЕС у Беларусі.

Беларускае пасольства ў Швецыі і шведскае — у Беларусі былі закрытыя ў 2012 годзе пасля дыпламатычнага скандалу. Прычынай абвастрэння адносін стала акцыя супрацоўнікаў шведскай кампаніі Studio Total, якія 4 ліпеня 2012 года на лёгкаматорным самалёце на малой вышыні перасеклі дзяржаўную мяжу Беларусі з боку Літвы і скінулі на беларускую тэрыторыю больш за 800 плюшавых медзведзянят з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі.

Неўзабаве пасля гэтага беларускія ўлады адмовілі ў працягу акрэдытацыі паслу Швецыі Стэфану Эрыксану, абвінаваціўшы яго ў дэструктыўнай дзейнасці. 30 жніўня 2012 года пасольства Швецыі ў Мінску было закрытае. У адказ шведскія ўлады адмовіліся прымаць у сябе новага пасла Беларусі і рэкамендавалі двум супрацоўнікам беларускага пасольства пакінуць Стакгольм. Пасля закрыцця дыппрадстаўніцтваў функцыі пасольства Швецыі ў Мінску выконвала пасольства Эстоніі, а беларускага пасольства ў Стакгольме — дыппрадстаўніцтва Латвіі.

Увесну 2013 года Беларусь задаволіла просьбу шведскага боку аб акрэдытацыі ў Мінску часовага паверанага. У сваю чаргу дыпламатычную прысутнасць у Швецыі Беларусь аднавіла ў лістападзе 2016 года.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239