Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/17/929871_445691/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 11:27
17.11.2017 10:09 Грамадства, Эканоміка

У беларускіх ВНУ вучыцца кожны шосты малады жыхар краіны

Мінск, 17 лістапада. У 2016/2017 навучальным годзе ў 51 установе вышэйшай адукацыі краіны навучалася 313 тыс. студэнтаў — гэта кожны шосты малады жыхар Беларусі. Такія звесткі прыведзеныя ў аглядзе Нацыянальнага статыстычнага камітэта, прысвечаным Міжнароднаму дню студэнтаў, які адзначаюць 17 лістапада.

Па колькасці студэнтаў у разліку на 10 тыс. чалавек насельніцтва Беларусь мела самы высокі паказчык сярод краін СНД — 330 чалавек. Для параўнання: ва Украіне — 321, Арменіі — 310, Расіі — 299, Кыргызстане — 298, Казахстане — 266, Таджыкістане — 214, Малдове — 210, Азербайджане — 169.

Пры гэтым сярод беларускіх студэнтаў на 100 юнакоў прыпадае 124 дзяўчыны, адзначае Белстат.

На дзённай форме навучанне праходзяць 172,6 тыс. чалавек, на завочнай — 139,2 тыс., вячэрняй — 1,4 тыс. Атрымлівалі стыпендыю на дзённай форме навучання 92 тыс. студэнтаў (з іх 99,4% — гэта студэнты ў дзяржаўных ВНУ).

Падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй у краіне ажыццяўляецца па 15 профілях адукацыі, якія ўключаюць больш за 400 спецыяльнасцяў і напрамкаў спецыяльнасцяў. Самымі запатрабаванымі сярод студэнтаў па-ранейшаму застаюцца спецыяльнасці эканамічнага і юрыдычнага профілю. Па іх навучаецца траціна ўсіх студэнтаў. Таксама карыстаюцца попытам спецыяльнасці тэхнічнага профілю — да іх выказаў цікавасць кожны пяты студэнт краіны. З педагогікай звязвае сваю будучыню кожны дзясяты студэнт. Спецыяльнасці сельскагаспадарчага профілю выбіраюць 8% студэнтаў. Медыцынскія спецыяльнасці атрымліваюць 7% ад агульнай колькасці студэнтаў.

У ВНУ краіны ў 2016/2017 навучальным годзе вучылася больш за 15 тыс. грамадзян замежных дзяржаў (5% агульнай колькасці студэнтаў). З агульнай колькасці замежных студэнтаў, якія навучаюцца ў ВНУ Беларусі, студэнты з краін СНД складалі 73%, Кітая і Ірана — па 5%, Нігерыі — 3,5%, Лівана і Шры-Ланкі — па 1,9%, Індыі — 1,5%, Ірака — 1,1%.

Дзевяць з дзесяці студэнтаў краіны вучацца ў дзяржаўных ВНУ. У 2016/2017 навучальным годзе ў 42 дзяржаўных ВНУ краіны навучалася 291 тыс. студэнтаў. У дзяржаўных ВНУ 61% студэнтаў дзённай формы навучання атрымлівалі адукацыю за кошт бюджэтных сродкаў.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239