Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/17/929953_447788/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2020 06:43
17.11.2017 14:56 Грамадства

Паводле інфармацыі кіраўніка Нацыянальнага саюза журналістаў Украіны, журналіст Павел Шаройка быў затрыманы ў Беларусі яшчэ 25 кастрычніка

Мінск, 17 лістапада. Нацыянальны саюз журналістаў Украіны (НСЖУ) патрабуе вызваліць затрыманага ў Беларусі карэспандэнта "Украінскага радыё" Паўла Шаройку.

Як паведаміў у "Фэйсбуку" кіраўнік саюза Сяргей Таміленка, арганізацыя накіравала афіцыйныя запыты ў пасольства Беларусі ва Украіне і пасольства Украіны ў Беларусі. Пра здарэнне таксама праінфармаваныя Міжнародная федэрацыя журналістаў, Еўрапейская федэрацыя журналістаў і прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ. Таміленка заклікаў міжнародную супольнасць далучыцца да патрабаванняў аб вызваленні ўкраінскага журналіста.

НСЖУ прапануе аб`яднаць намаганні нацыянальнага радыё, дзе Павел працуе штатным карэспандэнтам, і ўкраінскага МЗС для прыцягнення незалежнага кваліфікаванага адваката. Пры гэтым саюз працягвае патрабаваць ад беларускіх уладаў "неадкладнага вызвалення свайго калегі".

Паводле інфармацыі Таміленкі, Павел Шаройка быў затрыманы ў Мінску 25 кастрычніка. "У той жа дзень у здымнай кватэры, дзе Павел жыве з жонкай Аленай і дачкой, быў праведзены вобыск. Затрыманне (арышт) праведзенае КДБ Беларусі. Павел мае толькі дзяржаўнага адваката, гэта значыць дадзенага беларускімі ўладамі. Аб прыцягненні іншага адваката пасольствам Украіны у РБ нічога не вядома. З сям`ёй Павел мае зносіны лістамі. Першы прыйшоў да жонкі па пошце толькі праз паўтара тыдня", — піша Тамілін.

Інфармацыю аб затрыманні Шаройкі і вобыску ў яго здымнай кватэры ў Мінску пацвердзіла ў эфіры "Украінскага радыё" жонка журналіста Алена. Яна таксама паведаміла, што тэлефоннай сувязі з мужам у яе няма.

МЗС Украіны заявіла калегам Шаройкі, што ў міністэрстве вядома пра яго затрыманне. Паводле слоў намесніка дырэктара дэпартамента консульскай службы МЗС Васіля Кірыліча, "ведамства прымае меры для абароны правоў ўкраінскага грамадзяніна".

Аб затрыманні ўласнага карэспандэнта "Украінскага радыё" ў Беларусі Паўла Шаройкі паведаміў 17 лістапада ў "Фэйсбуку" кіраўнік Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны Зураб Аласанія. Па неафіцыйнай інфармацыі, журналісту выстаўленае абвінавачанне ў шпіянажы.

У КДБ Беларусі сітуацыю не каментуюць.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН