Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/17/930038_930039/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2020 06:39
17.11.2017 18:30 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка адкрыў завод "Белджы" і расказаў пра ўказ па стымуляванні куплі аўтамабіляў Geely беларусамі

Мінск, 17 лістапада. У Беларусі распрацоўваецца праект указа, накіраваны на стымуляванне куплі беларусамі айчынных легкавых аўтамабіляў, вырабленых СЗАТ "Белджы". Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця пад Барысавам новага завода "Белджы" і запуску серыйнай вытворчасці.

З канвеера сышоў першы флагманскі красовер Geely Atlas. У ходзе размовы з працоўным калектывам завода кіраўнік дзяржавы адзначыў, што запуск завода — гэта толькі пачатак. "Як вы разумееце, вырабіць — не праблема, галоўнае — прадаць. Рынак не проста насычаны, і канкурэнты гойсаюць тут па Беларусі і за яе межамі, спрабуючы знайсці хоць маленькую нішу, каб прадаць свой тавар. Канкурэнцыя вельмі моцная. І сёння ўраду даручана распрацаваць меры, якія дазволяць нам прадаваць хаця б 60 тыс. аўтамабіляў на ўнутраным і знешнім рынках. Гэта невялікая колькасць, але 60 тыс. — прыбытковая праца, добрая заработная плата працоўнага калектыву", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

"Мы думаем, якія ёсць магчымасці, каб дапамагчы купіць гэты аўтамабіль. Аўтамабіль ў сям`і патрэбны. Таму трэба прыдумаць, як вас падтрымаць. Думаю, мы знойдзем добрыя варыянты. У найбліжэйшы час дакумент выйдзе", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Прапрацоўваюцца розныя варыянты, у тым ліку продаж у крэдыт з адтэрміноўкай плацяжу, лізінг. Як падкрэсліў Лукашэнка, дзяржава зацікаўлена ў тым, каб як мага больш беларусаў куплялі айчынныя аўтамабілі.

"Але ёсць і іншая мэта — больш вырабіць. Мы ж будзем павялічваць магутнасць у два разы. Думаю, што 60 тыс. аўтамабіляў мы прададзім і пойдзем на 120 тыс., — сказаў ён. — Хачу, каб гэта прадпрыемства было рэнтабельным. У адваротным выпадку атрымаецца цацка, ваша і мая, на якую будзем глядзець, радавацца і прадаваць 10 тыс. аўтамабіляў у год, не маючы даходу на гэтым прадпрыемстве".

Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў неабходнасць павелічэння тэрміну гарантыі выпушчаных у Беларусі аўтамабіляў Geely. "Гарантыйны тэрмін — нам трэба выйсці на пяць гадоў. Мы ўжо чатыры гады прапаноўваем і 100 тыс. км прабегу, трэба пяць гадоў. Трэба пайсці на гэта", — перакананы Лукашэнка.

Ураду было дадзена даручэнне развіваць сетку сэрвісных станцый, якія даўно ўжо функцыянуюць у розных гарадах краіны. "У кожным цэнтры будзе асобна колькі трэба месца для абслугоўвання беларускіх аўтамабіляў, каб чалавек мог свабодна прайсці тэхнічнае абслугоўванне і, калі трэба, рамонт", — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы выказаў меркаванне, што на базе новага завода СЗАТ "Белджы" неабходна стварыць уласнае канструктарскае бюро. "Трэба ствараць сваё канструктарскае бюро. Так, цяпер нам дапамаглі спецыялісты, прыехаўшы са Швецыі, з іншых краін. Але трэба мець сваіх людзей. На першым этапе трэба 10—13 чалавек мець, якія звяжуцца з нашымі канструктарамі з МАЗа, БелАЗа і будуць паціху назапашваць вопыт, каб мы маглі самі з нуля распрацоўваць дызайн і ствараць аўтамабілі", — сказаў ён.

Даведка БелаПАН. Беларуска-кітайскае СЗАТ "Белджы", якое выпускае легкавыя аўтамабілі пад маркай Geely, створана ў 2011 годзе. У лютым 2013 года на прадпрыемстве быў сабраны першы аўтамабіль. Акцыянерамі "Белджы" з`яўляюцца ААТ "БелАЗ" (52,49%), Zhejang Jirun Automobile Co., Ltd (33,35%), СЗАТ "Саюзаўтатэхналогіі" (6,47%) і CITIC International Investment Limited (4,96%), ААТ БАТЭ" (2,7%).

У 2015 годзе паміж Барысавам і Жодзінам пачалося будаўніцтва новай пляцоўкі па выпуску аўтамабіляў. Для рэалізацыі праекта выдзелены кітайскі крэдыт на 158,7 млн долараў ЗША. Агульны аб`ём інвестыцый складзе 400 млн еўра.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН