Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/17/930062_930063/
Дата раздрукоўкі: 19.10.2019 15:03
17.11.2017 19:14 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка: Аўтамабілі чыноўнікаў будуць замяняцца на Geely — ад урада да старшыні райвыканкама

Мінск, 17 лістапада. Імпартныя аўтамабілі ў дзяржаўных органах Беларусі будуць паступова замяняцца на выраблены ў краіне аўтамабіль Geely. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстай цырымоніі адкрыцця пад Барысавам новага завода "Белджы" і запуску серыйнай вытворчасці.

"Я ўжо забараніў па вертыкалі ўсім дзяржслужачым купляць імпартныя аўтамабілі. Мы ўжо некалькі дзясяткаў закупілі гэтых аўтамабіляў, і цяпер паступова будзе ісці замена — ад урада да старшыні райвыканкама, — расказаў Лукашэнка. — У нас гэта ўжо адбываецца, і мы гэта зробім".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што і самі работнікі завода павінны перасаджвацца на вырабленую імі машыну.

Лукашэнка заявіў, што запуск у краіне вытворчасці легкавых аўтамабіляў быў яго марай. "Нашы сябры адгукнуліся на маю просьбу і дапамаглі стварыць гэты выдатны завод. Больш за тое, яшчэ і пракрэдытавалі. Таму перш за ўсё я хачу сёння сказаць, што мая мара зрабіць свой легкавы аўтамабіль ажыццявілася", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што за гэта неабходна падзякаваць кіраўніцтву Кітайскай Народнай Рэспублікі, у прыватнасці старшыні КНР Сі Цзіньпіну. "Зусім хутка ў мяне будзе такая магчымасць і я асабіста змагу яму падзякаваць за тое, што ён, адгукнуўшыся на маю просьбу, дапамог нам стварыць гэту вытворчасць", — сказаў Лукашэнка.

Пасля заканчэння ўрачыстых мерапрыемстваў кіраўнікі кітайскіх кампаній падарылі Лукашэнку электрамабіль Geely, які пакуль не вырабляецца ў Беларусі.

Ён запэўніў, што абавязкова пратэстуе машыну, тым больш яму ёсць з чым параўнаць яе: раней ужо былі апрабаваныя магчымасці электракара Tesla.

Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што яшчэ лепшым падарункам для яго стане арганізацыя выпуску ў Беларусі надзейных электрамабіляў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН