Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/17/eu_eu_929880_102057/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:02
17.11.2017 10:40 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Чарговая сустрэча каардынацыйнай групы Беларусь — ЕС запланаваная на снежань

Мінск, 17 лістапада. Чарговая сустрэча каардынацыйнай групы Беларусь — ЕС запланаваная на снежань і пройдзе ў Бруселі, паведаміў кіраўнік аддзела па двухбаковых адносінах з краінамі Усходняга партнёрства Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Дзірк Шубель, выступаючы 17 лістапада на Мінскім форуме.
Паводле яго слоў, на пасяджэннях каардынацыйнай групы абмяркоўваюць прыярытэты партнёрства Беларусі і ЕС, сярод якіх стымуляванне эканомікі, садзейнічанне развіццю грамадзянскай супольнасці, экалагічная і іншыя тэматыкі.

"Мне здаецца, Беларусь з'яўляецца адным з узорных прыкладаў таго, што Еўрасаюз не прытрымліваецца аднастайнага падыходу ў дачыненні да ўсіх, з кім суседнічае, — сказаў Шубель. — Беларусь як раз дэманструе, што краіна-сусед сама можа выбіраць з таго набору опцый, які прапануе Усходняе партнёрства".

У прыватнасці, растлумачыў ён, Беларусь з'яўляецца адной з вядучых краін Усходняга партнёрства па прасоўванні лічбавай эканомікі. "Беларусь выступае адным з ініцыятараў ў развіцці гэтага кірунку. Відавочна, што Беларусь бачыць надзённыя патрэбы часу і гатовая рэфармаваць сваю эканоміку на аснове лічбавых тэхналогій", — сказаў Шубель.

Ён таксама адзначыў, што пасля "адмены большай часткі санкцый ЕС супраць беларускага кіраўніцтва" Еўрасаюз адкрыў для Беларусі магчымасць удзелу ў розных праграмах. "29 мільёнаў еўра паступаюць у Беларусь — гэта добры пачатак. Хоць, вядома, непараўнальна з тымі сумамі, якія паступаюць у іншыя краіны", — дадаў Шубель.

Пры гэтым ён падкрэсліў: "Не магу сказаць, што момант незвароту ў нашых адносінах ужо пройдзены, таму што не ўсе краіны — члены ЕС давяраюць Беларусі. Для ўзнікнення даверу патрэбныя асаблівыя захады па стварэнні прававой дзяржавы". Некаторыя падобныя крокі былі зробленыя ў 2015—2016 гадах, але ў 2017-м змен не назіралася.

"Спадзяюся, у будучыні мы выйдзем на гэты пункт незвароту, выйдзем на новую стадыю, узровень дыскусіі пра новае пагадненне паміж Беларуссю і ЕС. Для гэтага патрэбныя ўмовы. Перадумовы створаныя", — сказаў Шубель.

"Мы чакаем канкрэтных захадаў ад беларускага боку, эфект ад якіх вымерны. Мараторый на смяротнае пакаранне з'яўляецца першым нумарам у спісе нашых чаканняў. Гэта рэзка змяніла б адносіны ўдзельнікаў ЕС да Беларусі. У іншых сферах — выбарчае заканадаўства, свабода СМІ, рэгістрацыя палітычных партый — таксама хутка можна дасягнуць прагрэсу", — заявіў прадстаўнік Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239