Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/17/eu_eu_929906_123456/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 00:13
17.11.2017 12:58 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Лукашэнка папрасіў кіраўніка МЗС ФРГ аб`ектыўна ацэньваць сітуацыю ў Беларусі

Мінск, 17 лістапада. Беларусь адкрывае новую старонку адносін з Германіяй, накіраваную ў лепшы бок, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з віцэ-канцлерам, федэральным міністрам замежных спраў ФРГ Зігмарам Габрыэлем 17 лістапада ў Мінску.

"Шмат гавораць пра мінулае нашых адносін, пра негатыўныя факты і фактары. Але ў Мінску ёсць шмат таго, што ў станоўчым плане характарызуе нашы дзяржавы, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Час ідзе, ён мяняе многае. Так і ў сучасным свеце нашы адносіны змяняюцца з цягам часу. Я вельмі спадзяюся і ўпэўнены, што мы адкрываем новую старонку ў нашых адносінах, накіраваную ў лепшы бок".

Лукашэнка падзякаваў Германіі за штогадовую дапамогу ў аздараўленні беларускіх дзяцей з пацярпелых ад аварыі на ЧАЭС тэрыторый, а таксама выказаў удзячнасць за тэхналагічную падтрымку, што аказваецца беларускай эканоміцы. "Амаль увесь імпарт з Германіі — гэта высокатэхналагічнае абсталяванне, тэхналогіі", — сказаў ён.

"Мы б вельмі хацелі, каб гэты пазітыўны працэс меў свой далейшы працяг на больш высокім эканамічным узроўні", — заявіў Лукашэнка. Ён прапанаваў нямецкаму боку звярнуць увагу на індустрыяльны парк "Вялікі камень", адзначыўшы, што там створаны самыя льготныя ўмовы для інвестараў. "Калі мы дамовімся і паабяцаем вам нешта зрабіць, мы абавязкова зробім", — запэўніў кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама папрасіў германскі бок аб`ектыўна ацэньваць сітуацыю ў Беларусі. "Калі гэта так будзе, то ў нас усё атрымаецца. З тэрыторыі Беларусі вы ніколі не атрымаеце ніводнага сігналу ў парушэнне цэласнасці і бяспекі Еўрапейскага кантынента", — заявіў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў унёсак Германіі ва ўрэгуляванне канфлікту ва Украіне. "Германія можа зрабіць вялікі ўнёсак у развіццё сучаснай гісторыі, калі яна будзе працягваць сваю лінію па нармалізацыі сітуацыі ва ўсходняй Украіне", — заявіў ён.

"Мы сапраўды маем шмат праблем і пасля сустрэчы ў "нармандскім фармаце" (па выніках 16-гадзінных перамоў у Мінску Уладзіміра Пуціна, Пятра Парашэнкі, Ангелы Меркель і Франсуа Аланда ў лютым 2015 года ў Мінску была прынята дэкларацыя аб падтрымцы мер па ўрэгуляванні канфлікту на Украіне. — БелаПАН.). Але там, ва Украіне, няма вайны. Калі б Германія не заняла жорсткую пазіцыю, там бы да гэтага часу гінулі людзі", — сказаў Лукашэнка.

Ён выказаў пажаданне, каб кіраўнік МЗС Германіі, які ўпершыню наведаў Беларусь, быў тут не ў апошні раз.

Візіт Зігмара Габрыэля — першы з 1995 года двухбаковы візіт кіраўніка МЗС ФРГ у Беларусі. Акрамя сустрэчы з Лукашэнкам кіраўнік германскай дыпламатыі правядзе перамовы з беларускім калегам Уладзімірам Макеем, а таксама прыме ўдзел у Мінскім форуме, які праходзіць гэтымі днямі ў XV Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханэса Рау.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239