Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/17/eu_eu_929939_447856/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 09:56
17.11.2017 14:11 Палітыка, Беларусь — Eўрасаюз

Кіраўнік МЗС ФРГ "уражаны прыхільнасцю Беларусі ідэі еўрапейскай згуртаванасці"

Мінск, 17 лістапада. Міністр замежных спраў Германіі Зігмар Габрыэль "уражаны прыхільнасцю Беларусі ідэі еўрапейскай згуртаванасці". Пра гэта ён заявіў журналістам 17 лістапада ў Мінску паводле вынікаў сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам і перамоў з беларускім калегам Уладзімірам Макеем.
"Гэта былі інтэнсіўныя перамовы. Дзве гадзіны мы былі ў прэзідэнта, размаўлялі аб усіх тэмах, якія намі рухаюць, — сказаў Габрыэль. — Лукашэнка і я шмат казалі пра ролю Еўропы. Глабальна ў палітычныя інтарэсы Беларусі ўваходзіць, каб Еўропа была згуртаванай. Беларусь можа стаць мостам паміж ЕАЭС і ЕС. Тут не трэба вырашаць на карысць аднаго ці іншага саюза. Магчыма, Беларусь закліканая стаць мостам паміж імі".

Кіраўнік МЗС ФРГ таксама паведаміў, што абмяркоўваў з Лукашэнкам сітуацыю ва Украіне. Паводле яго слоў, Германія шануе пазіцыю Беларусі і яе дапамогу ва ўрэгуляванні канфлікту.

Габрыэль падкрэсліў, што Германія ўдзячная беларусам за дружалюбнае стаўленне. "Мы не забыліся, якія жудасныя пакуты мы, немцы, прычынілі беларусам падчас нацысцкай дыктатуры і Другой сусветнай вайны. Усе заўсёды здзіўленыя, як прыязна людзі тут да нас, немцаў, ставяцца. Гэта вялікі жэст вашага народа да нас праз дзесяцігоддзі. Мы ўдзячныя за гэта", — сказаў нямецкі міністр.

Паводле яго слоў, "свет знаходзіцца зараз у вялікім беспарадку". "Але калі два нашы народы здолелі паказаць, што пасля такіх страшных часоў і злачынстваў можа зарадзіцца і партнёрства, і нават сяброўства, гэта знак усім астатнім. Ад Беларусі зыходзіць сігнал за мірнае існаванне народаў і дзяржаў", — дадаў Габрыэль.

Кіраўнік германскай дыпламатыі рады, што "пасля спрэчак апошняга часу аб правах чалавека" ўдалося зняць санкцыі ЕС з Беларусі. "Нам удаецца лепш супрацоўнічаць", — сказаў ён.

Габрыэль выказаў жаданне, каб Беларусь у будучыні стала членам Савета Еўропы. "Разам у нас павінна гэта атрымацца. Там існуюць складаныя тэмы грамадзянскіх і палітычных правоў грамадзян, прынцыпы прававой дзяржавы. Тут ёсць канфлікт паміж намі, але мне здаецца, мы знайшлі шляхі абмяркоўваць складаныя тэмы", — сказаў кіраўнік знешнепалітычнага ведамства Германіі.

Ён таксама выказаў надзею, што на саміт Усходняга партнёрства, які пройдзе 24 лістапада ў Бруселі, зможа прыехаць кіраўнік Беларусі. "Гэта было б добрым сігналам", — лічыць Зігмар Габрыэль.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239