Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/18/930100_930101/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2020 06:37
18.11.2017 13:44 Грамадства

Пасол Кізім расказаў пра сустрэчу консула з затрыманым у Мінску ўкраінскім журналістам Паўлам Шаройкам

Мінск, 18 лістапада. Да затрыманага ў Беларусі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройкі пусцілі ўкраінскага консула. Пра гэта ў каментары рэсурсу "112 Украіна" заявіў пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім.

Паводле яго слоў, консула пусцілі да затрыманага пасля таго, як беларускаму боку быў накіраваны адпаведны запыт.

"Адразу, як нам паведамілі пра гэта (затрыманне Шаройкі), мы накіравалі адпаведную ноту наконт доступу да затрыманага. Гэты допуск быў дадзены, наш консул сустракаўся з Шаройкам, каб высветліць, у якіх умовах ён утрымліваецца і каб ён на іх не скардзіўся. Потым адбылася сустрэча нашага консула з жонкай Шаройкі і адвакатам", — заявіў пасол.

Кізім дадаў, што Шаройка ўтрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ Беларусі ў Мінску.

"Пасля затрымання былі названыя прычыны — гэта абвінавачанне ў шпіянажы згодна з Крымінальным кодэксам Беларусі. Цяпер ён знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ пад следствам", — заявіў пасол.

Кізім таксама адзначыў, што МЗС Беларусі ўсё яшчэ не выступіў з афіцыйным каментаром па факце затрымання.

Як паведамляў БелаПАН, пра затрыманне ў Мінску карэспандэнта "Украінскага радыё" Паўла Шаройкі стала вядома 17 лістапада. Аднак, паводле неафіцыйнай інфармацыі, ён быў затрыманы яшчэ 25 кастрычніка.

Нацыянальны саюз журналістаў Украіны (НСЖУ) напярэдадні запатрабаваў вызваліць Паўла Шаройку. Як паведаміў кіраўнік саюза Сяргей Таміленка, арганізацыя накіравала афіцыйныя запыты ў пасольства Беларусі ва Украіне і пасольства Украіны ў Беларусі. Аб тым, што здарылася, таксама праінфармаваныя Міжнародная федэрацыя журналістаў, Еўрапейская федэрацыя журналістаў і прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ. Таміленка заклікаў міжнародную супольнасць далучыцца да патрабаванняў аб вызваленні ўкраінскага журналіста.

НСЖУ прапаноўвае аб`яднаць намаганні нацыянальнага радыё, дзе Павел працуе штатным карэспандэнтам, і ўкраінскага МЗС для прыцягнення незалежнага кваліфікаванага адваката. Пры гэтым саюз працягвае патрабаваць ад беларускіх уладаў "неадкладнага вызвалення свайго калегі".
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН