Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/20/930248_445023/
Дата раздрукоўкі: 18.06.2018 01:00
20.11.2017 15:36 Грамадства

Лукашэнка прызначыў новага начальніка навучальнага цэнтра ў Печах, дзе загінуў салдат Коржыч

Мінск, 20 лістапада. Уладзіслаў Будзік прызначаны начальнікам 72-га гвардзейскага Аб'яднанага навучальнага цэнтра падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў Узброеных сіл. Адпаведнае кадравае рашэнне прыняў сёння Аляксандр Лукашэнка, паведаміла прэс-служба прэзідэнта.

Раней палкоўнік Будзік займаў пасаду начальніка ўпраўлення службы войскаў Узброеных сіл.

"Тое, што адбылося ў вашай часці, — гэта катастрофа, — заявіў Лукашэнка. — Я не перабольшваю. Усякае ў войску бывае, але ў беларускім войску гэта катастрофа, таму што мы заўсёды ганарыліся, што ў нас адсутнічае дзедаўшчына. Яно сапраўды так. Я далёкі ад таго, каб гэтая пляма легла на ўсю армію, як там некаторыя нашы апаненты папісваюць у інтэрнэце. Гэта армія. Зразумела, што гэта адмысловая, суровая служба, і яна заўсёды будзе такой. Але дзедаўшчына непрымальная".

Паводле слоў Лукашэнкі, ён "вельмі хваравіта рэагуе на падобныя выпадкі ў беларускім войску". "Нам бацькі аддаюць самае дарагое, што ў іх ёсць. А атрымліваюць што?" — задаў ён рытарычнае пытанне.

Кіраўнік дзяржавы заўважыў, што ў структуры МУС выпадкі дзедаўшчыны не адзначаюцца. "Там па-чалавечы ставяцца да хлопцаў, і амапаўцы дай бог падрыхтаваныя. Таму бярыце прыклад там, як трэба з моладдзю размаўляць. Адносіны павінны быць чалавечымі, — звярнуў увагу Лукашэнка. — Не трэба баяцца, каб лішні раз бацькі прыехалі, асабліва ў гэты перыяд, калі яны (навабранцы) знаходзяцца на навучанні. Магчыма, нават часцей іх адпускаць. Што здарыцца, калі ён раз у месяц на дзень-два паедзе і дома пабудзе?"

Ён нагадаў, што некалі маладых людзей, калі яны былі адзінымі дзецьмі ў сям'і, маглі і не прызываць у армію. "Трэба прааналізаваць гэтую практыку. Гэта адзіны сын, адзіная апора, надзея", — адзначыў кіраўнік дзяржавы. З іншага боку, ён канстатаваў, што многія бацькі з задавальненнем адпраўляюць дзяцей служыць, бо армія — добрая школа жыцця. "У мяне дзеці служылі ў спецпадраздзяленнях і поўзалі на мяжы так, як мае быць. Але яны прайшлі праз гэта", — дадаў Лукашэнка.

Звяртаючыся да міністра абароны Андрэя Раўкова, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што "такая закасцянеласць у арміі непрымальная". "Я спадзяваўся, што вы з гэтымі пытаннямі справіцеся, а вы іх не бачыце пад бокам, у Барысаве. Гэта катэгарычна непрымальна, — заявіў Лукашэнка. — Ніколі не было такой плямы на арміі, як у сувязі з гэтым".

Лукашэнка адзначыў, што даручыў праваахоўным органам абавязкова дапускаць маці загінулага ў Печах вайскоўца Святлану Коржыч да следчых мерапрыемстваў. "Калі яна хоча камусьці задаць пытанне, хай задасць. Хаваць не трэба, як бы там сітуацыя ні разгортвалася. І я вас перасцерагаю ад заўчасных высноў. Усё павінна быць сумленна", — звярнуў увагу ён. Кіраўнік дзяржавы адзначыў трываласць, з якой жанчына перанесла гэтае гора. "Наогул яна малайчына, абсалютна разумны чалавек. Не ведаю, як бы я на гэта рэагаваў. Крый божа камусьці гэта перажыць. Але яна майму прадстаўніку кажа: "Я не хачу, каб нехта быў пакараны несправядліва". Зразумела, калі мы несправядліва кагосьці пакараем, мы народзім яшчэ адну праблему: пакрыўдзім чалавека, які не здзяйсняў гэтае злачынства. Таму яна павінна быць дапушчаная да следчых дзеянняў, хай гэта ў законе не прадугледжанае, не важна. Гэта надзвычайны выпадак, гэта маё асабістае рашэнне", — сказаў беларускі кіраўнік.

Паводле слоў Лукашэнкі, раней ім таксама было дадзенае даручэнне генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку і старшыні КДБ Валерыю Вакульчыку сустрэцца са Святланай Коржыч. "Які б ні быў вынік расследавання, усё павінна быць сумленна, справядліва, каб мама была ў курсе справы", — перакананы кіраўнік дзяржавы.

Ён папярэдзіў, што падобныя здарэнні ў войску больш не павінны паўтарацца. "Я ўжо потым і разбірацца не буду. Мы і так жорстка паставіліся да камандзіраў і начальнікаў гэтай часці і іншых, хто быў да гэтага датычны. І крымінальную справу мы давядзем да лагічнага завяршэння, гэта дакладна. Я кантралюю яе з трох пазіцый і адмысловымі метадамі сачу за тым, як яна расследуецца. Глядзіце, каб яна было расследаваная да дробязяў. Але справядліва, нічога не трэба нацягваць, — сказаў ён. — Гэта такі абуральны факт, які падштурхоўвае нас да таго, каб лішні раз паглядзець на нашу армію. Армія павінна быць па-сапраўднаму беларускай, плоць ад плоці нашага народа. Наш народ заўсёды быў лагодным. І не павінна быць у арміі гэтых катаванняў, разбораў у сувязі з гэтым. Каб там быў парадак — гэта тычыцца ўсіх Узброеных сіл".

Лукашэнка выказаў надзею, што Уладзіслаў Будзік здолее навесці парадак у Печах. "Я выберу час і пабуду ў вас там. Магчыма, гэта і мая віна, што я, будучы галоўнакамандуючым, гэтую галоўную нашу часць не наведаў. Але я ў вас пабуду абавязкова", — рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.

21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са звязанымі нагамі і апранутай на галаву майкай 3 кастрычніка ў склепе медроты. 5 кастрычніка ў якасці першапачатковай версіі следства назвала суіцыд, але сваякі з гэтым не пагадзіліся і заявілі аб гвалтоўным характары смерці. У выніку Следчы камітэт распачаў справу на падставе ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, што пацягнула цяжкія наступствы). Камітэт разглядае тры версіі здарэння: давядзенне да самагубства, забойства і самагубства.

15 лістапада генпракурор Беларусі Аляксандр Канюк паведаміў журналістам, што ў сувязі з гібеллю радавога Коржыча распачатыя прыблізна 15 крымінальных спраў, прыкладна столькі ж фігурантаў. Канюк заявіў, што расследаванне знаходзіцца на яго асабістым кантролі.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН