Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/21/930373_930374/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 00:43
21.11.2017 12:55 Эканоміка

Лукашэнка патрабуе, каб прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2018 год быў напружаным, але рэалістычным

Мінск, 21 лістапада. Прагноз сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2018 год павінен быць выключна напружаным, але рэалістычным. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 21 лістапада падчас даклада ўрада, Нацбанка, аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама аб працы эканомікі за мінулы перыяд 2017 года, а таксама праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год.

Паводле інфармацыі Нацбанка, у гэтым годзе ў Беларусі будзе самы нізкі ўзровень інфляцыі за ўсю гісторыю незалежнасці. "Шэсць працэнтаў па выніках 2017 года — выдатна, аднак у планах на 2018-ты прадугледжана павялічыць яе да сямі працэнтаў. Якія падставы для гэтага? Мы гаворым аб інфляцыйных чаканнях, але ў той жа час самі падганяем іх", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, яго насцярожвае сітуацыя ў сферы інвестыцый. "Паводле маёй інфармацыі, на наступны год іх запланавана аж 65% ад узроўню 2011 года. Гэтага вельмі недастаткова для простага падтрымання канкурэнтаздольнасці эканомікі. Калі няма ўласных капіталаў, трэба шукаць і прыцягваць інвестараў. Дарэчы, яны таксама ёсць, і крэдыты прымальныя ёсць. Але дзіўна — праектаў няма. Вось і ўсё менеджарства", — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што бюджэт павінен служыць мэтам сацыяльнай палітыкі. "Чаму бюджэт ператвораны ў кастыль для прадпрыемстваў, якія кульгаюць? І паток прапаноў ад урада па вырабе гэтых кастылёў на ўзровень прэзідэнта не спыняецца. Насцярожвае праблема даўгоў у рэальным сектары. Доля праблемных актываў высокая. Як на гэта глядзяць урад, Нацыянальны банк? Ці гэта зноў будзе перакладзена на бюджэт краіны? Большасць мер, што прымаюцца, пакуль носяць касметычны характар, а патрэбны сістэмныя рашэнні", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239