Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/21/930419_930420/
Дата раздрукоўкі: 17.10.2019 08:01
21.11.2017 14:50 Грамадства

Лукашэнка зацвердзіў склад аргкамітэта па правядзенні ў Мінску дзіцячага конкурсу "Еўрабачанне-2018"

Мінск, 21 лістапада. Аляксандр Лукашэнка 20 лістапада падпісаў распараджэнне № 177 "Аб дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне-2018", паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Лукашэнка зацвердзіў склад рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта па падрыхтоўцы і правядзенні конкурсу "на высокім узроўні, адпаведным міжнародным патрабаванням і стандартам". Узначаліць аргкамітэт намеснік прэм`ер-міністра Васіль Жарко.

Плануецца, што конкурс пройдзе ў лістападзе 2018 года ў спартыўным комплексе "Мінск-Арэна".

Як паведамлялася, 16 кастрычніка Беларусь была афіцыйна зацверджана Еўрапейскім вяшчальным саюзам (ЕВС) як арганізатар дзіцячага конкурсу песні "Еўрабачанне" ў 2018 годзе.

Беларусь ужо мае вопыт прыёму гэтага песеннага форуму. ЕВС высока ацаніў узровень падрыхтоўкі і арганізацыі дзіцячага "Еўрабачання" ў Мінску ў 2010 годзе.

У міжнародным дзіцячым конкурсе песні "Еўрабачанне" Беларусь удзельнічае з моманту яго заснавання ў 2003 годзе. Першай беларускай удзельніцай была Вольга Сацюк, якая заняла чацвёртае месца. На рахунку Беларусі дзве перамогі: у 2005 годзе конкурс выйграла Ксенія Сітнік з песняй "Мы разам", у 2007-м — Аляксей Жыгалковіч з кампазіцыяй "З сябрамі". Рэзанансным стала выступленне беларускага выканаўцы Юрыя Дземідовіча на конкурсе 2009 года ў Кіеве — яго песня "Чароўны трусік" выклікала бурную рэакцыю ў інтэрнэце і здабыла шырокую папулярнасць. У 2016 годзе Аляксандр Мінянок заняў сёмае месца.

На дзіцячым "Еўрабачанні-2017", фінал якога пройдзе 26 лістапада ў сталіцы Грузіі, Беларусь прадставіць Хелена Мерааі з песняй "Я самая".
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН