Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/21/930422_930422/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 00:16
21.11.2017 14:38 Эканоміка

Лукашэнка патрабуе ад урада "больш-менш забяспечыць людзей"

Мінск, 21 лістапада. Дзяржаўная ўлада ў краіне павінна пранікнуцца пачуццём, што кожны чалавек павінен мець магчымасць працаваць. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 21 лістапада падчас даклада ўрада, Нацбанка, аблвыканкамаў і Мінгарвыканкама аб працы эканомікі за мінулы перыяд 2017 года, а таксама праектах прагнозу, бюджэту і грашова-крэдытнай палітыкі на 2018 год, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"Я адчуваю і бачу сітуацыю: чалавек сёння гатовы любую працу выконваць. Так, ёсць 10% на ўліку ў Шуневіча (міністр унутраных спраў. БелаПАН.) і іншых, з імі мы працуем па-свойму, прытым жорстка працуем. Але тым, хто хоча працаваць, трэба дапамагчы ўладкавацца і заплаціць, таму давайце пачынаць працаваць", — звярнуўся Лукашэнка да чыноўнікаў.

Ён таксама падкрэсліў: людзі павінны не толькі мець працу, але і добра зарабляць. У сувязі з гэтым Лукашэнка нагадаў аб сваім даручэнні выйсці да канца 2017 года на сярэдні ўзровень зарплаты ў краіне ў адну тысячу рублёў. "Іншага вы і вымаўляць не павінны. У адваротным выпадку гэта дорага абыдзецца ўраду", — папярэдзіў кіраўнік дзяржавы.

Ён дапусціў, што ў пачатку 2018 года будзе большы выхадных — адпаведна, людзі будуць менш працаваць і атрымаюць зарплату крыху нiжэйшую за запланаваны ўзровень. "А далей — другі, трэці, чацвёрты кварталы — мы павінны ўжо пераўзыходзіць адну тысячу рублёў хоць трошкі", — дадаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, павысіць сярэдні ўзровень даходаў у краіне неабходна ў першую чаргу за кошт павелічэння памеру зарплаты тым катэгорыям грамадзян, у якіх яна была ніжэйшай за сярэдняе значэнне. "Вось вам задача, і барані вас бог гэтую задачу не выконваць. У нас вызначана заданне. Не будзе выканана — галавой адкажаце", — падкрэсліў Лукашэнка.

"Пачынайце рэалізоўваць тое, што я вам кажу. Не можаце, не хочаце — сыходзьце. Вы для таго і ёсць, каб выканаць гэтыя даручэнні. Тым больш я не патрабую чагосьці звышнатуральнага — я патрабую забяспечыць больш-менш людзей. Гэта задача дзяржаўнай улады", — заявіў кіраўнік дзяржавы.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239