Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/22/930573_930574/
Дата раздрукоўкі: 26.05.2018 10:54
22.11.2017 11:19 Грамадства

"Рэпарцёры без межаў" занепакоеныя лёсам украінскага журналіста Паўла Шаройкі, затрыманага ў Беларусі па падазрэнні ў шпіянажы

Мінск, 22 лістапада. Праваабарончая арганізацыя "Рэпарцёры без межаў" занепакоена лёсам украінскага журналіста Паўла Шаройкі, затрыманага ў Беларусі па падазрэнні ў шпіянажы.

У заяве арганізацыі адзначаецца, што Шаройка, якому пагражае 15 гадоў пазбаўлення волі, утрымліваўся без сувязі са знешнім светам амаль месяц — увесь гэты час грамадскасці не было вядома пра яго затрыманне. Да яго нікога не пускаюць, а яго адзіны адвакат прызначаны беларускімі ўладамі.

"Рэпарцёры без межаў" таксама адзначаюць, што Шаройка — былы ваеннаслужачы Узброеных сіл Украіны, ён спецыялізуецца на асвятленні ваеннай тэматыкі. Перад звальненнем з арміі ён супрацоўнічаў з афіцыйнымі выданнямі і прэс-службамі. У Мінску працуе з 2011 года, спачатку — як журналіст украінскага інфармагенцтва УНІАН, затым — уласны карэспандэнт Украінскага радыё (радыёстанцыя ўваходзіць у структуру Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны).

"Акалічнасці затрымання Паўла Шаройкі выклікаюць вялікую трывогу, — заявіў Ёхан Бір, кіраўнік бюро "Рэпарцёраў без межаў" па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі. — Ён павінен мець доступ да незалежнага адваката па сваім выбары, і ўлады павінны забяспечыць справядлівы судовы разбор. Мы просім беларускія ўлады гарантаваць добрае абыходжанне з журналістам і максімальна празрыстае расследаванне гэтай справы. Яго знаходжанне пад вартай больш не з'яўляецца неабходным, бо этап расследавання скончаны".

Праваабарончая арганізацыя адзначае, што ў апошнія гады шэрагу журналістаў у Беларусі выстаўляліся "сумнеўныя абвінавачанні ў шпіянажы". У прыватнасці, у заяве прыводзіцца прыклад вядомага беларускага вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна, які ў 2014 годзе быў затрыманы па абвінавачанні ў дзяржаўнай здрадзе і правёў два тыдні без сувязі са знешнім светам, але ў выніку справа была спыненая.

"Рэпарцёры без межаў" таксама нагадваюць, што ў сусветным індэксе свабоды прэсы за 2017 год Беларусь займае 153-е месца са 180 краін.

Павел Шаройка быў затрыманы 25 кастрычніка, але вядома пра гэта стала толькі 17 лістапада — пасля таго як пра гэта ў "Фэйсбуку" паведаміў кіраўнік Нацыянальнай грамадскай тэлерадыёкампаніі Украіны Зураб Аласанія.

20 лістапада афіцыйны прадстаўнік КДБ паведаміў, што ў дачыненні да Шаройкі распачатая крымінальная справа па артыкуле "Шпіянаж", ён утрымліваецца ў следчым ізалятары КДБ. Паводле дадзеных КБГ, Шаройка выкарыстоўваў журналісцкую дзейнасць у якасці прыкрыцця для стварэння шпіёнскай сеткі ў Беларусі і быў затрыманы з доказамі злачынства.

Стала таксама вядома, што ў хуткім часе пасля затрымання журналіста з Беларусі быў высланы першы сакратар украінскага пасольства Ігар Скварцоў, які, паводле дадзеных КДБ, з'яўляецца супрацоўнікам галоўнага ўпраўлення разведкі Мінабароны Украіны і пад дыпламатычным прыкрыццём каардынаваў дзейнасць Шаройкі. Скварцоў аб'яўлены ў Беларусі персонай нон грата.

Мінабароны Украіны інфармацыю КДБ Беларусі абвергла.

21 лістапада стала вядома, што з Кіева высланы адзін з супрацоўнікаў пасольства Беларусі ва Украіне, яго прозвішча не называецца.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН