Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/23/930777_12345/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 00:35
23.11.2017 14:36 Эканоміка

Эксперты ФАО вывучаюць беларускі досвед барацьбы з усыханнем хвояў

Мінск, 23 лістапада. Дэлегацыя экспертаў Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО) 22—24 лістапада знаходзіцца ў Беларусі з рабочым візітам, галоўная мэта якога — вывучэнне сітуацыі з усыханнем хвояў.

Як паведаміла прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі Беларусі, міжнародныя эксперты прааналізуюць беларускі вопыт барацьбы з масавым размнажэннем ствалавых шкоднікаў. Акрамя таго, будзе абмяркоўвацца пытанне аб выдзяленні Беларусі міжнароднай тэхнічнай дапамогі.

З экспертамі ФАО 22 лістапада сустрэўся першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік. "Палітыка Міністэрства лясной гаспадаркі накіравана на ўмацаванне патэнцыялу супрацоўніцтва і пашырэнне ўзаемавыгадных кантактаў з краінамі-партнёрамі, профільнымі міжнароднымі арганізацыямі і ляснымі працэсамі", — падкрэсліў беларускі чыноўнік.

"Ва ўмовах змены клімату лясная гаспадарка з'яўляецца адной з найбольш уразлівых галін да неспрыяльных фактараў навакольнага асяроддзя. Бураломы, снегаломы, лясныя пажары, пашкоджанне насаджэнняў шкоднікамі і хваробамі — гэта тыя наступствы змены клімату, з якімі Беларусь сутыкнулася за апошнія гады", — адзначыў Кулік.

Першы намеснік міністра таксама дадаў, што гэтая праблема знаёмая не толькі беларусам. "Нашы партнёры з Украіны пацвярджаюць яшчэ больш складаную сітуацыю ў іх лясах. Аб'ёмы ўсыхання хвоі ў рэгіёне ўкраінскага Палесся складаюць 142 тыс. га з запасам 8 млн кубаметраў", — канстатаваў Кулік.

На думку першага намесніка міністра, рашэнне праблемы маштабнага ўсыхання лясоў патрабуе сумесных намаганняў краін-партнёраў пры падтрымцы профільных міжнародных арганізацый. Менавіта на гэтым акцэнтавалі ўвагу міністр лясной гаспадаркі Беларусі Міхаіл Амельяновіч і намеснік міністра аграрнай палітыкі Украіны Вольга Трафімцава на 4-й Еўрапейскім тыдні лесу, які праходзіў у Варшаве з 9 па 13 кастрычніка.

"Наша сустрэча — гэта працяг сустрэчы ў Польшчы. Мы ставімся да праблемы вельмі сур'ёзна і ўважліва глядзім, што мы можам зрабіць для яе рашэння. Два тыдні таму я наведаў Украіну, дзе вельмі добра пагутарыў з калегамі і атрымаў дастаткова шмат інфармацыі пра праблему", — адзначыў на сустрэчы ў Мінску спецыяліст па лясной гаспадарцы ФАО Нарбер Вінклер.

Як паведамлялася, Беларусь прапануе рэалізаваць з ФАО сумесны трансгранічны праект ФАО — Беларусь — Украіна. Гаворка ідзе аб выпрацоўцы на навуковай аснове комплексных мер па аздараўленні іглічных насаджэнняў рэгіёну, прадухіленні ўсыхання лясоў і недапушчэння распаўсюджвання ачага на сумежныя краіны. Пры гэтым у цэнтры ўвагі павінны стаць пытанні ранняй дыягностыкі, маніторынгу і аднаўлення пашкоджаных насаджэнняў.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239