Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/23/930793_12345/
Дата раздрукоўкі: 01.12.2020 23:55
23.11.2017 14:55 Эканоміка, Палітыка

Кабякоў: Беларусь і Казахстан настроеныя на далейшае развіццё двухбаковых адносінаў

Мінск, 23 лістапада. Беларусь і Казахстан настроеныя на далейшае развіццё двухбаковых адносінаў. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў 23 лістапада ў Мінску на сустрэчы з паслом Казахстана Ергалі Булегенавым з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі ў Беларусі, паведаміла прэс-служба ўрада.

"Ёсць цэлы спектр напрамкаў, які, мы лічым, з'яўляецца асновай нашых адносін. Галоўнае, што мы бачым, — у нашых партнёраў ёсць настрой на далейшае развіццё. Гэта дадае аптымізму і ўпэўненасці ў тым, што мы сапраўды рэалізуем той патэнцыял, які маюць нашы краіны", — адзначыў Кабякоў.

Паводле яго слоў, Беларусь і Казахстан зараз рэалізуюць некалькі інвестыцыйных праектаў, актыўна ўзаемадзейнічаюць у сферы лічбавых тэхналогій. "Традыцыйна запатрабаваныя вашы вуглевадароды, якія мы б хацелі, каб прысутнічалі ў нашай перапрацоўцы, і каб мы сумесна рэалізоўвалі гатовую прадукцыю па любой схеме, выгоднай для нашых партнёраў", — сказаў прэм'ер-міністр.

Кабякоў высока ацаніў уклад Булегенава ў развіццё беларуска-казахстанскіх адносін. "За пяць гадоў вашай кадэнцыі мы прывыклі, ведаем, што ёсць чалавек зацікаўлены, актыўны, гатовы ў любы час дня і ночы абмяркоўваць беларуска-казахстанскія адносіны, пры неабходнасці адстойваць тыя ці іншыя пазіцыі, аператыўна рэагаваць на пытанні, якія ўзнікаюць, — заявіў кіраўнік урада. — Мы цэнім уклад, які вы зрабілі ў развіццё двухбаковых адносін. Мы разлічваем на тое, што вы былі, з'яўляецеся і застанецеся сябрам беларускага народа. Спадзяемся, што ваш вопыт дзяржаўнай дзейнасці ў развіцці беларуска-казахстанскіх адносінаў будзе запатрабаваны ў далейшай службовай кар'еры".

Булегенаў падзякаваў Кабякова за высокую ацэнку яго працы. "Мне не сорамна за тыя амаль шэсць гадоў, якія я правёў у Беларусі ў якасці пасла", — сказаў на заканчэнне ён.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239