Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/23/930796_12345/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 00:34
23.11.2017 14:08 Грамадства

У кожнай вобласці на базе АМАПа ствараюцца мікрападраздзяленні, якія будуць трэніраваць байцы СПТБ "Алмаз"

Мінск, 23 лістапада. Міністэрствам унутраных спраў Беларусі прынятае рашэнне аб стварэнні ў кожнай вобласці на базе АМАПа мікрападраздзяленняў, якія будуць трэніраваць байцы спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам "Алмаз", каб дзейнічаць да прыбыцця асноўных сіл. Пра гэта распавёў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч 23 лістапада падчас дакладу прэзідэнту.

У ходзе даклада абмяркоўваліся дзеянні магілёўскай міліцыі 20 лістапада пры захопе рабаўніка банка, які ўзяў заложнікаў. "У гэтым выпадку АМАП сыграў ролю падраздзялення па барацьбе з тэрарызмам і выканаў гэтую задачу", — цытуе Шуневіча БелТА.

"Я і вам, і хлопцам з Магілёўскай вобласці вельмі ўдзячны за прафесіяналізм, які праявілі пры затрыманні асабліва небяспечнага злачынцы, што захапіў адно з аддзяленняў банка і спрабаваў узяць у заложнікі людзей, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Асабліва таму хлопцу, які выказаў жаданне, вобразна кажучы, нейтралізаваць яго, сеўшы за руль аўтамабіля (гаворка ідзе аб першым намесніку начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Аляксандры Васільеве, які назваўся начальнікам службы бяспекі банка і прапанаваў сябе злачынцу ў абмен на заложнікаў. — БелаПАН.), і тым хлопцам, якія затрымалі".

Кіраўнік дзяржавы назваў гэтую аперацыю адной з лепшых у беларускай міліцыі.

Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што падобныя злачынствы раўнасільныя тэрарыстычным актам, бо ў такіх выпадках нявінным людзям пагражае небяспека. "Таму рэакцыя павінна быць вельмі жорсткай. Амаль так дзейнічалі супрацоўнікі АМАПа, міліцыі. Малайцы. Ніхто не дзяліў: гэта наша, гэта ваша — а ўзяліся рэалізоўваць задачу, якую мы павінны былі рэалізаваць. І яны зрабілі гэта, можна сказаць, бліскуча", — сказаў ён.

Лукашэнка паведаміў, што прыняў рашэнне ўзнагародзіць супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія ўдзельнічалі ў аперацыі, і даручыў Шуневічу пракантраляваць, каб былі адзначаныя заслугі ўсіх, хто рызыкаваў жыццём.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239