Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/23/930839/
Дата раздрукоўкі: 02.12.2020 00:06
23.11.2017 14:30 Палітыка

Аргкамітэт БХД падтрымлівае як удзел сваіх актывістаў у мясцовых выбарах, так і байкот з іх боку

Мінск, 23 лістапада. Аргкамітэт па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" падчас прызначаных на 18 лютага 2018 года мясцовых выбараў падтрымае як удзел у кампаніі сваіх сяброў, так і байкот. Аб гэтым гаворыцца ў заяве БХД, распаўсюджанай 23 лістапада.

Як адзначае БХД, абвешчаная старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай кампанія "не з'яўляецца свабоднымі і сумленнымі выбарамі". "Адсутнасць зменаў у выбарчае заканадаўства і шматгадовая практыка татальных фальсіфікацыяў ужо зараз дазваляюць зрабіць выснову, што рыхтуецца чарговы спектакль з прызначэннем дэпутатаў мясцовых органаў улады", — адзначаецца ў заяве.

Адной з асноўных задач падчас мясцовай кампаніі ў БХД лічаць "данясенне да грамадзян краіны інфармацыі пра сістэму масавых фальсіфікацый і адсутнасць у Беларусі свабодных выбараў".

"Шэраг сяброў БХД гатовы вылучацца ў якасці "кандыдатаў", каб выкарыстаць мясцовую кампанію дзеля легальнай камунікацыі з жыхарамі, правядзення пікетаў, узмацнення мясцовых кампаній, арганізацыі назірання ды выкрыцця фальсіфікацыяў. Разам з тым сярод сяброў і прыхільнікаў БХД ёсць тыя, хто схіляюцца да байкоту ці ігнаравання "выбараў". У гэтай сітуацыі партыя падтрымлівае ўсе формы пратэсту супраць несвабодных і несумленных выбараў. БХД падтрымае і тых, хто сваім вылучэннем прадстаўляе альтэрнатыву прызначэнню, і тых, хто выступае супраць самой кампаніі фальсіфікацыяў пад назвай "мясцовыя выбары", — заяўляюць у аргкамітэце.

Разам з тым БХД асуджае ўсялякія спробы ўзаемаабумовіць ацэнку палітычнай сітуацыі ў Беларусі і колькасць дэпутатаў ад апазіцыі, якія будуць уключаныя ў мясцовыя саветы. "Ва ўмовах адсутнасці свабодных і справядлівых выбараў колькасць уключаных у мясцовыя саветы прадстаўнікоў ад апазіцыі не можа з'яўляцца крытэрам дзеля ацэнкі сітуацыі з дэмакратызацыяй краіны", — лічаць аўтары заявы.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239