Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/27/931370_201147/
Дата раздрукоўкі: 19.10.2019 15:14
27.11.2017 09:12 Эканоміка, Фінансы, Грамадства

Улады спрабуюць павысіць зарплату дырэктыўнымі метадамі

Мінск, 27 лістапада. У Цэнтральным раёне Мінска сярэдняя зарплата ў снежні 2017 года павінна скласці 1.499,3 рубля, гаворыцца ў лісце раённай адміністрацыі на адрас сталічных прадпрыемстваў.
У лісце, з якім азнаёміўся БелаПАН, гаворыцца, што такая задача пастаўленая ў мэтах выканання даручэння прэзідэнта па павелічэнні сярэдняй зарплаты ў краіне да тысячы рублёў да канца года.

"Улічваючы персанальную адказнасць кіраўніцтва адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска і прадпрыемстваў" па выкананні даведзенага задання, аўтары ліста запыталі ў лістападзе ў сталічных прадпрыемстваў інфармацыю аб прагназаваным узроўні сярэдняй зарплаты ў снежні 2017 года.

"Адначасова просім прыняць дадатковыя меры па росце заработнай платы за снежань 2017 года, забяспечыўшы налічэнне і зрушэнне работнікам прэмій і іншых выплат стымулявальнага характару ў справаздачны перыяд (снежань 2017 года)", — гаворыцца ў лісце адміністрацыі Цэнтральнага раёна Мінска.

Айчынныя эканамісты мяркуюць, што толькі адміністрацыйныя метады дазволяць забяспечыць рост сярэдняй зарплаты ў канцы 2017 года.

"Беларуская эканоміка не расце такім чынам, каб за год зарплата натуральна вырасла на чвэрць — з 801,6 рубля ў снежні 2016 года да 1.000 рублёў у снежні 2017-га. Таму для выканання гэтай палітычнай мэты ў снежні 2017 года зарплата ў Беларусі будзе штучна завышацца", — адзначыў у каментары БелаПАН эканаміст Антон Болтачка.

Аналагічнага меркавання прытрымліваюцца і іншыя спецыялісты.

"Дасягненне сярэдняй зарплаты да 1.000 рублёў будзе адлюстроўваць той факт, што вертыкаль улады пакуль працаздольная і можа ўплываць на ўзровень зарплат у краіне ў пэўны перыяд часу. Пры гэтым цалкам відавочна, што адміністрацыйнымі метадамі забяспечыць ўстойлівы рост зарплат немагчыма, таму ўжо ў пачатку 2018 года сярэдняя зарплата будзе прыкметна ніжэй за ўзровень снежня 2017 года", — мяркуе эксперт Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.

Пры гэтым эканамісты мяркуюць, што калі у 2018 годзе метады штучнага павышэння зарплат будуць працягваць выкарыстоўвацца, гэта можа прывесці да негатыўных наступстваў.

"Калі пытанне дырэктыўнага росту зарплат будзе працягваць педалявацца на дзяржаўным узроўні ў 2018 годзе, гэта можа негатыўна адбівацца на паказчыках фінансавай стабільнасці", — лічыць Антон Болтачка. У прыватнасці, прагназуе ён, можа адбыцца паскарэнне інфляцыі і аслабленне курсу беларускага рубля.

"Калі будзе нагнятацца у 2018 годзе штучны рост рэальных заработных плат, гэта дасць імпульс не толькі для інфляцыі, але і знізіць цэнавую канкурэнтаздольнасць прадукцыі беларускіх экспарцёраў", — мяркуе Дзмітрый Крук.

Як заявіў віцэ-прэм'ер Беларусі Уладзімір Сямашка ў інтэрв'ю праграме "Контуры" тэлеканала ОНТ, паказаным увечары 26 лістапада, урад разлічвае, што сярэдняя зарплата ў прамысловасці ў снежні складзе 1.000 рублёў. "Тую задачу, якую паставілі: сярэднюю ў рэальным сектары эканомікі — тысячу рублёў, прыкладна пяцьсот долараў, — па снежні забяспечым. Мы не забяспечым сярэднюю па годзе", — сказаў віцэ-прэм'ер.

Пры гэтым ён адзначыў, што гаворка можа ісці не толькі аб прамысловым сектары, але і ў цэлым аб эканоміцы. "Гэта не значыць, што ўсе будуць мець гэтую тысячу рублёў. Вынік павінен быць такім", — сказаў Сямашка.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН