Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/28/931584_12345/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2020 06:38
28.11.2017 11:45 Грамадства, Палітыка

Краінам ЦЕІ варта актыўна абараняць інфармацыйную прастору рэгіёна, лічыць Мясніковіч

Мінск, 28 лістапада. Краінам — удзельніцам Цэнтральна-Еўрапейскай ініцыятывы (ЦЕІ) неабходна выкарыстоўваць усе формы ўзаемадзеяння для таго, каб эфектыўна, і не на шкоду развіццю IT-сферы, забяспечыць абарону інфармацыйных прастор дзяржаў рэгіёна. Пра гэта заявіў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Міхаіл Мясніковіч, выступаючы 28 лістапада ў Мінску на пасяджэнні Парламенцкай асамблеі ЦЕІ.
"Мы з`яўляемся сведкамі глабальных трансфармацый планетарнага маштабу, чацвёртай індустрыяльнай рэвалюцыі, якая закранула вытворчасць і міжнародны гандаль, грамадскія адносіны, палітычнае жыццё і міжасобасныя камунікацыі, — адзначыў Мясніковіч. — Лічбавая трансфармацыя, пабудова лічбавай эканомікі — гэта ўжо новая рэальнасць. Гэта лад жыцця, новая аснова для развіцця сістэмы дзяржаўнага кіравання, эканомікі, бізнесу, сацыяльнай сферы і ўсяго грамадства".

Як адзначыў старшыня Савета Рэспублікі, "усе рэвалюцыйныя пераўтварэнні ў IT-сферы, штучны інтэлект — гэта дадзенасць, з якой трэба лічыцца". Аднак, дадаў ён, тут ёсць як "каласальныя магчымасці для ўсяго чалавецтва", так і "цяжка прагназаваныя сёння пагрозы".

"У парадку дня нацыянальных і міжнародных пляцовак стаяць пытанні ўкаранення найноўшых тэхналогій абароны інфармацыі і забеспячэння інфармацыйнай бяспекі. Ужо зараз патрэбны новы інструментар ў галіне права, які б дазволіў ажыццяўляць эфектыўнае рэгуляванне дзейнасці рынкаў, суб`ектаў рынку інфармацыйных паслуг, рэгламентаваць новыя лічбавыя тэхналогіі. Мы, парламентарыі, павінны іграць асноўную ролю ў гэтых працэсах", — падкрэсліў Мясніковіч.

Паводле яго слоў, Беларусь прасоўвае "шырокае ўкараненне сучасных лічбавых тэхналогій", а таксама "удзельнічае ў фарміраванні асновы пан`еўрапейскага лічбавага рынку". Краіна дасягнула высокіх вынікаў у галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій "шмат у чым дзякуючы прагрэсіўнаму заканадаўству, якое бесперапынна ўдасканальваецца".

"Гэты год стаў знакавым для IT-галіны ў нашай краіне. У пачатку года прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка абвясціў курс на развіццё Беларусі як IT-краіны. Вядучыя айчынныя і замежныя профільныя спецыялісты, юрысты падрыхтавалі рэвалюцыйны праект нарматыўна-прававога акта. Упэўнены, што ён зацікавіць усіх палітыкаў і бізнесменаў вашых краін, якія маюць дачыненне да сферы інфармацыйных тэхналогій і высокіх тэхналогій у цэлым", — сказаў спікер верхняй палаты парламента.

У сённяшнім пасяджэнні Парламенцкай асамблеі ЦЕІ, якое прысвечана лічбавым тэхналогіям, удзельнічаюць дэлегацыі 11 краін — Аўстрыі, Албаніі, Беларусі, Балгарыі, Венгрыі, Малдовы, Польшчы, Румыніі, Сербіі, Славеніі і Украіны.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН