Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/28/eu_eu_931663_897456/
Дата раздрукоўкі: 17.11.2019 20:50
28.11.2017 16:07 Эканоміка, Грамадства, Беларусь — Eўрасаюз

Беларусь і Польшча маюць намер фінансаваць 11 сумесных навукова-тэхнічных праектаў

Мінск, 28 лістапада. Беларусь і Польшча ўзгаднілі пералік з 11 сумесных праектаў у сферы электронікі, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій, новых матэрыялаў, машынабудавання і аграпрамысловых тэхналогій, фінансаванне якіх будуць ажыццяўляць абедзве краіны. Пра гэта паведаміў старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях (ДКНТ) Аляксандр Шумілін на пасяджэнні міжурадавай беларуска-польскай камісіі па супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій, што праходзіць пасля пяцігадовага перапынку ў Варшаве.

Паводле слоў Шуміліна, праекты адабраныя ў межах конкурсу сумесных беларуска-польскіх навукова-тэхнічных праектаў. "Паміж нашымі краінамі ў навукова-тэхнічнай сферы заключаныя больш за 50 пагадненняў і мемарандумаў. Гэта стварае трывалую нарматыўна-прававую і дагаворную базу для ўзаемадзеяння і спрыяе развіццю шырокіх кантактаў, у тым ліку і на ўзроўні беларускіх і польскіх універсітэтаў", — цытуе старшыню ДКНТ прэс-служба камітэта.

Шумілін адзначыў, што на пасяджэнні плануецца разгледзець пытанні развіцця навукова-тэхнічнай і інавацыйнай сферы, абмеркаваць перспектыўныя напрамкі навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Паводле вынікаў пасяджэння бакі маюць намер падпісаць пратакол і выканаўчую праграму беларуска-польскага навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва на 2018—2019 гады. Таксама запланаванае падпісанне пагаднення аб навуковым супрацоўніцтве паміж НДУ "Інстытут ядзерных праблем" БДУ і польскім сінхратронам (паскаральнік часціц. — БелаПАН.) "Салярыс", кантракта паміж Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам і Інстытутам аховы навакольнага асяроддзя Польшчы, пагаднення паміж Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэтам і Люблінскім тэхнічным універсітэтам па рэалізацыі супрацоўніцтва.

Паводле інфармацыі камітэта, двухбаковае навукова-тэхнічнае супрацоўніцтва ажыццяўляецца ў адпаведнасці з дагаворам паміж урадамі Беларусі і Польшчы аб супрацоўніцтве ў галіне навукі і тэхналогій, які быў падпісаны 18 лістапада 1992 года. Польшча на сёння з'яўляецца шостым знешнеэканамічным партнёрам Беларусі па аб'ёме гандлю і сёмым — па аб'ёме інвестыцый у беларускую эканоміку. У Беларусі зарэгістраваныя больш за 350 прадпрыемстваў з удзелам польскага капіталу, з іх больш за 200 — сумесныя прадпрыемствы.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН