Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/29/931691_556699/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:30
29.11.2017 07:03 Палітыка, Эканоміка

Пачынаецца візіт Нурсултана Назарбаева ў Беларусь

Мінск, 29 лістапада. Афіцыйны візіт прэзідэнта Казахстана ў Беларусь адбудзецца 29—30 лістапада. Нурсултан Назарбаеў правядзе перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам у вузкім і пашыраным складзе, а таксама возьме ўдзел у беларуска-казахстанскім бізнес-форуме і сесіі Савета калектыўнай бяспекі АДКБ.
Сустрэча з Лукашэнкам плануецца сёння ў першай палове дня. Пасля абеду прэзідэнты наведаюць бізнес-форум.

Згодна з паведамленнем Беларускай гандлёва-прамысловай палаты, "на парадку дня форуму — разгляд перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва дзелавых колаў Беларусі і Казахстана, дзелавыя перамовы паміж бізнесменамі дзвюх краін". Чакаецца, што з казахстанскага боку ў форуме возьмуць удзел прыблізна 150 прадстаўнікоў кампаній, якія працуюць у сферы машынабудавання, сельскай гаспадаркі, вытворчасці сельгасабсталявання і тэхнікі, харчовай і лёгкай прамысловасці, гандлю і паслуг, лагістыкі, банкаўскай дзейнасці, інвестыцый, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

30 лістапада Назарбаеў возьме ўдзел у саміце краін — удзельніц Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (у АДКБ уваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан). Кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць тэндэнцыі развіцця міжнароднай сітуацыі і меры па ўмацаванні калектыўнай бяспекі АДКБ. Плануецца прыняцце дэкларацыі ў сувязі з 25-годдзем Дагавора аб калектыўнай бяспецы і 15-годдзем стварэння АДКБ.

Прымаючы 28 лістапада пасла Казахстана ў Беларусі Ергалі Булегенава, Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Перад афіцыйным візітам прэзідэнта Казахстана ў нас добрае ўступленне да яго". Казахстан, дадаў ён, з'яўляецца для Беларусі адной з самых блізкіх дзяржаў. "Мы ў эканамічным саюзе з вамі, у нас няма палітычных рознагалоссяў, мы аднолькава глядзім на парадак дня міжнародных адносін. Словам, разыходжанняў у нас няма практычна ніякіх", — сказаў Лукашэнка.

Паводле звестак беларускага МЗС, Назарбаеў наведваў Беларусь з афіцыйным візітам у 2012 годзе. Афіцыйныя візіты Лукашэнкі ў Казахстан адбыліся ў маі 2011-га і кастрычніку 2014 года. Акрамя гэтага, прэзідэнты Беларусі і Казахстана неаднаразова сустракаліся на мерапрыемствах у межах СНД і ЕАЭС.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239