Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/29/931779_12345/
Дата раздрукоўкі: 24.04.2018 23:46
29.11.2017 12:28 Палітыка

У Мінску праходзіць чарговы раўнд перамоваў па Украіне

Мінск, 29 лістапада. У Мінску пачаўся чарговы раўнд перамоваў па ўрэгуляванні сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны, паведамляе ў "Твітэры" МЗС Беларусі.

Перамовы пачаліся з сустрэч рабочых падгруп трохбаковай кантактнай групы (Украіна — АБСЕ — Расія). Яны праходзяць у комплексе "Дыпсэрвіс-хол" традыцыйна ў закрытым для прэсы рэжыме. У другой палове дня тут жа чакаецца пасяджэнне самой кантактнай групы.

Папярэдняя яе сустрэча ў Мінску адбылася 15 лістапада. Па выніках спецпрадстаўнік дзейнага старшыні АБСЕ Марцін Сайдзік заявіў журналістам, што ў чарговы раз група пацвердзіла сваю прыхільнасць захаванню перамір'я. Сайдзік адзначыў, што апошнім часам назіраецца рост колькасці парушэнняў рэжыму спынення агню. У прыватнасці, за тыдзень да пасяджэння іх колькасць вырасла на 14%. "А ўчора (14 лістапада. — БелаПАН.) усяго толькі за суткі яна дасягнула амаль дзвюх тысяч, што з'яўляецца сумным рэкордам у другой палове гэтага года", — заявіў дыпламат.

Генеральны сакратар АБСЕ Томас Грэмінгер 29 лістапада, знаходзячыся ў Ашхабадзе, падзякаваў Беларусі за ўклад у ўрэгуляванне ўкраінскага крызісу. "Хацеў бы падзякаваць кіраўніцтву Беларусі за ўклад у дзейнасць АБСЕ, а таксама за ўсё, што краіна робіць па ўрэгуляванні ўкраінскага крызісу, у тым ліку па прадастаўленні перамоўнай пляцоўкі для трохбаковай кантактнай групы", — цытуе Грэмінгера інфармагенцтва БелТА.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты

Праекты


© 2000 — 2018 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН