Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/30/932069_932072/
Дата раздрукоўкі: 14.11.2019 17:47
30.11.2017 15:25 Палітыка, Грамадства

СК: Дзеянні фігурантаў справы "Белага легіёна" не былі накіраваныя на гвалтоўную змену канстытуцыйнага ладу

Мінск, 30 лістапада. Следчы камітэт Беларусі пракаментаваў паведамленне старшыні СК Івана Наскевіча, зробленае сёння ў Магілёве, аб спыненні справы "Белага легіёна".
Як паведамляецца на сайце СК, "аналізуючы ў сукупнасці сабраныя доказы, следства прыйшло да высновы, што дзеянні фігурантаў фармальна ўтрымліваюць прыкметы стварэння незаконнага ўзброенага фарміравання". Так, прафесійная падрыхтоўка, якая праводзіцца ў групе, можа быць кваліфікаваная як баявая падрыхтоўка, характэрная для асабовага складу вайсковага фарміравання альбо для незаконнага ўзброенага фарміравання.

Разам з тым, як адзначаюць у СК, падчас папярэдняга расследавання ўстаноўлена, што "названыя дзеянні абвінавачваных не былі накіраваныя на гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу і (або) тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржавы, а таксама на ўчыненне якіх-небудзь іншых супрацьпраўных дзеянняў". "Дзеянні абвінавачваных не маюць грамадскай небяспекі, уласцівай злачынству, паколькі не прычынілі істотнай шкоды інтарэсам і грамадскім адносінам, якія ахоўваюцца крымінальным законам. З улікам выкладзенага гэтыя дзеянні абвінавачваных у адпаведнасці з ч. 4 арт. 11 КК прызнаныя малазначнымі", — гаворыцца ў паведамленні Следчага камітэта .

Крымінальны пераслед у дачыненні да абвінавачваных па арт. 287 КК і папярэдняе расследаванне па крымінальнай справе спынена на падставе п. 2 ч. 1 арт. 29 КПК з-за адсутнасці ў дзеяннях складу злачынства.

Матэрыялы справы накіраваныя пракурору для вывучэння і ацэнкі законнасці прынятага рашэння.

Як паведамлялася, у сакавіку гэтага года, за некалькі дзён да апазіцыйнай акцыі з нагоды Дня Волі, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра "баевікоў, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй". КДБ паведаміў аб распачынанні крымінальнай справы па факце падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Было затрымана больш за 30 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба "Белы легіён" (арганізацыя спыніла дзейнасць больш за 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клуба "Патрыёт" і не зарэгістраванага ў Беларусі "Маладога фронту". Пасля некаторым змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, хатні арышт). Большай частцы абвінавачваных было выстаўлена дадатковае абвінавачанне па арт. 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фарміравання).

У сярэдзіне чэрвеня КДБ закрыў крымінальную справу аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, а справу аб стварэнні незаконнага ўзброенага фарміравання перадаў у СК. З 28 па 30 чэрвеня ўсе фігуранты справы былі адпушчаныя з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН