Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/11/30/932135_405879/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 15:28
30.11.2017 18:30 Палітыка, Эканоміка

Савет Рэспублікі падтрымаў ратыфікацыю пратакола да беларуска-расійскага пагаднення аб цэнах на газ

Мінск, 30 лістапада. 30 лістапада Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі ўхваліў праект "Аб ратыфікацыі пратакола аб унясенні зменаў у пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расійскай Федэрацыі аб парадку фармавання цэн (тарыфаў) пры пастаўцы прыроднага газу ў Рэспубліку Беларусь і яго транспартаванні па газаправодах, размешчаных на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, ад 25 лістапада 2011 г. і далейшым супрацоўніцтве ў газавай сферы". Законапраект быў прыняты Палатай прадстаўнікоў 23 лістапада.

Пратакол, падпісаны ў Маскве 13 красавіка 2017 года, скіраваны на ўрэгуляванне пытанняў, звязаных з пастаўкамі газу з Расіі ў Беларусь у 2017—2019 гадах, а таксама на далейшае ўдасканаленне ўзаемаадносін паміж дзвюма краінамі ў газавай сферы.

У адпаведнасці з дамоўленасцямі цана на газ для Беларусі з 1 ліпеня па 31 снежня 2017 года складае 143,54 долара ЗША за 1 тыс. кубаметраў, з 1 студзеня па 31 снежня 2018 года — 129 долараў, з 1 студзеня па 31 снежня 2019 года — 127 долараў.

Разліковы эканамічны эфект для Беларусі ад зніжэння цэн на газ, які пастаўляецца "Газпромам", ацэньваецца ў 2018—2019 гадах прыкладна ў 700 млн долараў.

Згодна з пратаколам да 1 студзеня 2018 года павінны быць падрыхтаваныя прапановы па праграме фармавання агульнага рынку газу ЕАЭС.

Дакумент прадугледжвае таксама ўнясенне да 1 ліпеня 2019 года зменаў у пагадненне, якія прадугледжваюць вызначэнне цаны на газ для Беларусі з 1 студзеня 2020 года з улікам неабходнасці стварэння ўмоў па фармаванні да 1 студзені 2025 года агульнага рынку газу ЕАЭС.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239