Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/02/932368_102456/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 04:16
02.12.2017 13:45 Эканоміка, Грамадства

"БелДжы": Цэны на беларускі красовер Geely Atlas будуць ніжэй за названыя раней

Мінск, 2 снежня. Цэны на беларускі красовер Geely Atlas, выраблены на заводзе "БелДжы" пад Барысавам, будуць ніжэй за названыя раней, паведаміў у інтэрв`ю тэлеканалу "Беларусь 1" начальнік камерцыйнай службы "БелДжы" Кірыл Шаламіцкі.

Паводле яго слоў, кошт аўтамабіляў назавуць 15 снежня падчас афіцыйнага адкрыцця дылерскіх цэнтраў у Мінску. Папярэднюю замову на аўтамабілі ўжо зрабілі прыблізна 200 пакупнікоў у Беларусі. "Першая партыя, якую мы плануем прадаваць у Беларусі, гэта прыкладна 200 аўтамабіляў, яна знойдзе свайго пакупніка. Цана будзе названая адначасова для рынкаў Расіі і Беларусі 15 снежня", — сказаў прадстаўнік "БелДжы".

Афіцыйна мадэль на рынак выведуць некалькімі днямі раней — 12 снежня на заводзе ў Жодзіне, дзе красовер Geely Atlas прэзентуюць усім ахвотным. Прадаваць гэты аўтамабіль будуць у васьмі расфарбоўках. Акрамя традыцыйных чорнага, белага і серабрыстага колераў з`явяцца залацісты, чырвоны, "шэры базальт".

Як раней паведамляў БелаПАН, віцэ-прэм`ер Уладзімір Сямашка ў канцы лістапада заявіў, што каштаваць аўтамабілі Geely, якія ў Беларусі выпускаюць у трох мадэлях, будуць ад 17 да 25 тыс. долараў. Савет міністраў планаваў да 27 лістапада падаць у Адміністрацыю прэзідэнта праект указа аб падтрымцы продажу ў краіне аўтамабіляў Geely.

Паводле слоў Сямашкі, Аляксандр Лукашэнка паставіў задачу забяспечыць льготныя ўмовы. "Каб чалавек мог купіць, напрыклад, заплаціўшы першапачаткова 10% ад кошту аўтамабіля, потым купіць у лізінг на сем гадоў альбо ўзяць ільготны крэдыт на сем гадоў", — сказаў віцэ-прэм`ер.

Ён прызнаў, што пры рэалізацыі праекта будзе "складана, няпроста". Але ўрад, паводле слоў Сямашкі, ставіць задачу, каб у 2018 годзе выйсці на вытворчасць 25 тыс. аўтамабіляў, потым па 10 тыс. дадаваць.

Што да лакалізацыі вытворчасці, то цяпер яе ўзровень перавышае 30%, паведаміў віцэ-прэм`ер. Ставіцца задача "да належнага тэрміну" выйсці на 50%. "Гэта запатрабуе велізарнай працы і значных капітальных выдаткаў", — сказаў ён.

Беларуска-кітайскае СЗАТ "БелДжы", якое выпускае легкавыя аўтамабілі пад маркай Geely, створанае ў 2011 годзе. Акцыянерамі "БелДжы" з`яўляюцца ААТ "БелАЗ" (52,49%), Zhejang Jirun Automobile Co. Ltd. (33,35%), СЗАТ "Саюзаўтатэхналогіі" (6,47%), CITIC International Investment Limited (4,96%), ААТ "БАТЭ" (2,7%).

У 2015 годзе паміж Барысавам і Жодзіна пачалося будаўніцтва новай пляцоўкі па выпуску аўтамабіляў. 17 лістапада 2017 года з удзелам Лукашэнкі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця пад Барысавам новага завода "БелДжы" і запуску серыйнай вытворчасці.
Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН