Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/03/932418_932419/
Дата раздрукоўкі: 26.01.2020 06:35
03.12.2017 17:48 Грамадства

На сесіі Камітэта ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі ў Жэневе праваабаронцы пазначылі кола праблемных пытанняў па Беларусі

Мінск, 3 снежня. Камітэт ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі, сесія якога праходзіць у Жэневе, пасля прадстаўлення перыядычнага даклада Беларусі адрасаваў афіцыйнай беларускай дэлегацыі шэраг праблемных пытанняў, якія пазначылі праваабаронцы, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Разгляд перыядычнага даклада Беларусі аб выкананні Канвенцыі па ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі (КЛРД) праходзіў 30 лістапада — 1 снежня. У афіцыйную дэлегацыю Беларусі на чале з пастаянным прадстаўніком дзяржавы пры ААН у Жэневе Юрыем Амбразевічам увайшлі прадстаўнікі МЗС, МУС, Міністэрства адукацыі, Камісіі па справах рэлігій і нацыянальнасцяў, Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў.

Ад грамадзянскай супольнасці на пасяджэнні прысутнічалі прадстаўнікі арганізацый, якія прымалі ўдзел у падрыхтоўцы альтэрнатыўнай справаздачы ў камітэт (Беларускі Хельсінкскі камітэт, Human Constanta, Ініцыятыва ФОРБ, Цэнтр экспертыз у галіне роўных правоў, Хельсінкскі фонд па правах чалавека, закрыты беларускімі ўладамі праваабарончы цэнтр "Вясна", цэнтр прававой трансфармацыі Lawtrend і іншыя).

Экспертаў камітэта цікавілі перспектывы прыняцця антыдыскрымінацыйнага закона, што было адной з ранейшых рэкамендацый камітэта, і замацавання ў нацыянальным заканадаўстве паняццяў прамой і ўскоснай дыскрымінацыі. На гэта прадстаўнікі дзяржорганаў адказалі, што згодна з Нацыянальным планам па правах чалавека праца ў гэтым кірунку пачалася ў 2017 годзе і будзе завершана ў 2019-м прыняццем рашэння аб неабходнасці такой працы.

Намеснік дырэктара Нацыянальнага цэнтра заканадаўства і прававых даследаванняў Уладзімір Жаўняк адзначыў, што Канвенцыя аб ліквідацыі ўсіх формаў расавай дыскрымінацыі з`яўляецца часткай нацыянальнага заканадаўства і яе нормы ў Беларусі прымяняюцца напрамую. Але экспертаў камітэта цікавілі канкрэтныя моманты — прымяненне канвенцыі судамі, спасылкі на яе ў скаргах ахвяр парушэнняў. І калі дэлегацыю папрасілі прывесці канкрэтныя прыклады, якія б сведчылі пра эфектыўнасць беларускага заканадаўства, адказу не было, паведамляюць праваабаронцы.

Камітэт выказаў занепакоенасць тым, што цяжар даказвання фактаў дыскрымінацыі, у адпаведнасці з нацыянальным правам, можа быць ускладзены на ахвяру дыскрымінацыі. Адзін з экспертаў, які запытаўся пра статыстыку па прыцягненні да адказнасці за злачынствы на нацыянальнай глебе, прывёў прыклад, калі такі матыў не быў устаноўлены нават калі грамадзянін, які абвінавачваецца ў вандалізме, адкрыта заявіў аб прыналежнасці да расісцкай арганізацыі.

На пытанні аб магчымасцях звароту грамадзян у Канстытуцыйны суд, сітуацыі з незалежнасцю суддзяў і націскам на адвакатаў адказы афіцыйнай дэлегацыі ў асноўным зводзіліся да пералічэння нормаў беларускага заканадаўства, якія дэкларуюць гарантаванне правоў грамадзян. Члены камітэта выказалі сумневы ў тым, што ў краіне, дзе прэзідэнт сам прызначае і вызваляе ад выканання абавязкаў суддзяў, дзе дзяржава ўмешваецца ў дзейнасць адвакатуры, можна казаць пра незалежныя і справядлівыя судовыя рашэнні. А пры адсутнасці ў грамадзян магчымасці звярнуцца ў Канстытуцыйны суд са скаргай на неадпаведнасць нарматыўных актаў Канстытуцыі краіны камітэт бачыць перашкоду ў доступе да правасуддзя.

Сярод довадаў афіцыйнай дэлегацыі супраць увядзення пасады ўпаўнаважанага па правах чалавека было названа існаванне інстытута пракуратуры, якая ўпаўнаважаная ажыццяўляць агульны кантроль за парушэннем заканадаўства, у тым ліку правоў чалавека, і гэтага, на думку чыноўнікаў, дастаткова. Як сказаў Амбразевіч, "міф аб незалежнасці [амбудсмена] мы абмяркоўваць не будзем" і ў большасці краін ЕС такой пасады няма. Член камітэта з РФ Аляксей Аўтаномаў у сваю чаргу заявіў, што ў большасці еўрапейскіх краін інстытут упаўнаважанага па правах чалавека ўсё ж існуе, толькі называецца па-рознаму.

З нагоды адсутнасці супрацоўніцтва з НДА пры падрыхтоўцы перыядычнага даклада Амбразевіч адзначыў, што такога абавязку па канвенцыі няма, а раней супрацоўніцтва з НДА вялося пры падрыхтоўцы даклада ў рамках Універсальнага перыядычнага агляду ў Савеце па правах чалавека. Пазней вядучая пасяджэння выказала надзею, што такія кансультацыі ўсё ж адбудуцца ў наступны раз.

Асобная ўвага камітэта, паведамляе spring96.org, была нададзена становішчу прадстаўнікоў народа рома, праблемам мігрантаў і асоб без грамадзянства ў Беларусі, на што звяртала ўвагу ў альтэрнатыўных справаздачах і грамадзянская супольнасць. "Прадстаўнікам дзяржорганаў былі зададзены пытанні наконт трывожных сігналаў аб дыскрымінацыі і прафіляванні рома з боку праваахоўных органаў, прымянення ў дачыненні да іх мовы варожасці, цяжкасцяў у доступе да жылля, адукацыі, медыцынскага абслугоўвання", — паведамляюць праваабаронцы.

Эксперты ААН нагадалі пра "дзіўны закон аб сацыяльным утрыманстве", не разумеючы, як у грамадзяніна, які не працуе, можна патрабаваць выплату кампенсацыі за нявыплачаныя падаткі, і масавыя затрыманні ў сакавіку за ўдзел у пратэстах супраць гэтага закона. Адзначалася, што асабліва ўразлівымі ў такой сітуацыі становяцца прадстаўнікі народа рома, якія не могуць атрымаць працу або вымушаныя выязджаць для працаўладкавання ў Расію.

У дачыненні да пытання аб дэкрэце № 3 і "непад`ёмным цяжары, які кладзецца на ромскі народ", кіраўнік афіцыйнай дэлегацыі сказаў, што ён кладзецца на ўсіх малазабяспечаных, калі яны не легалізуюць свае даходы. У канцы Юрый Амбразевіч падзякаваў членам камітэта за прафесіяналізм, адзначыўшы, што яны прадстаўляюць амаль усе кантыненты, аднак пашкадаваў, "што сярод членаў камітэта няма цыганоў".

Як паведамлялася, па выніках разгляду перыядычнага даклада камітэт павінен выказаць свае меркаванні і рэкамендацыі ў выглядзе "заключных заўваг" дзяржаве.

Праца 94-й сесіі Камітэта ААН па ліквідацыі расавай дыскрымінацыі працягнецца ў Жэневе да 8 снежня.
БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН