Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/04/932453_440125/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 20:42
04.12.2017 12:27 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка не прымае тых, хто курыць, але падтрымлівае пашырэнне экспарту тытунёвай прадукцыі

Мінск, 4 снежня. Аляксандр Лукашэнка не прымае тых, хто курыць, але падтрымлівае пашырэнне экспарту тытунёвай прадукцыі. Пра гэта ён заявіў 4 снежня на нарадзе, удзельнікі якой абмяркоўваюць прапановы аб змене сістэмы працы ў сферы вытворчасці і рэалізацыі тытунёвых вырабаў.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка назваў дзве прычыны для правядзення гэтай нарады. Першая — вялікі попыт за межамі Беларусі на тытунёвую прадукцыю. "Ясна, што гэта падакцызны тавар, што бюджэт ад гэтага атрымлівае велізарныя сродкі. Сёлета мы чакаем 1 млрд рублёў, гэта значыць 0,5 млрд долараў. Гэта вялікія падатковыя паступленні", — заявіў Лукашэнка.

Разам з гэтым беларускі кіраўнік падкрэсліў, што "асабіста ён не прымае тых, хто курыць або злоўжывае алкаголем", паведамляе прэс-служба. "Але, тым не менш, гэтая галіна ў Беларусі развіваецца актыўна, і не толькі ў сувязі з тым попытам, які існуе на прадукцыю. Праўда, што да Беларусі, то апошнім часам, як мяне інфармуюць, у нас попыт на гэты тавар стабілізаваны і росту ніякага няма. Гэта ўжо добра", — сказаў афіцыйны лідар.

Паводле яго слоў, другая прычына для правядзення нарады — прапановы асобных прадстаўнікоў беларускага бізнесу аб удасканаленні вытворчасці і рэалізацыі гэтай прадукцыі. "Як сцвярджаюць самі бізнесмены, патэнцыял нашай тытунёвай галіны далёка не вычарпаны. Ёсць прапановы па змене сістэмы працы ў гэтай сферы", — удакладніў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка канстатаваў пастаяннае павелічэнне выпуску тытунёвай прадукцыі. Высокімі тэмпамі нарошчваецца і экспарт. "Да мяне нават апошнім часам звярнуліся замежныя прадпрымальнікі з тым, што нашы прадпрыемствы не хочуць прадаваць прадукцыю на экспарт. Ёсць вялікія нішы, нават у Еўрапейскім саюзе. Яны нам выгадныя. Чаму мы не хочам іх запаўняць? Я даручаў праверыць гэтую інфармацыю. Сёння пра гэта праінфармуюць. Гаворка ідзе аб адной са значных крыніц папаўнення бюджэту. Таму калі ёсць попыт, трэба прадаваць тытунёвыя вырабы. Не прададзім мы, прададуць іншыя. Рынкі будуць занятыя", — падкрэсліў ён.

Лукашэнка адзначыў, што важна прыняць рашэнне, якое адпавядае інтарэсам дзяржавы. "Я так і абяцаў тым, хто ўносілі прапановы, і тым, хто заклапочаныя гэтымі прапановамі, што рашэнні будуць прынятыя публічна і выключна ў інтарэсах дзяржавы. Калі хтосьці прапануе сёння схемы, паводле якіх мы будзем працаваць у вытворчасці і рэалізацыі тытунёвых вырабаў, яны неадкладна будуць рэалізаваныя. Але прынцып адзін: гэта павінна быць больш выгадна, чым цяперашняя схема", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

У сувязі з гэтым ён лічыць важным адказаць на пытанні, што будзе атрымана ад магчымай змены сістэмы ў сферы вытворчасці і рэалізацыі тытунёвых вырабаў і як гэта паўплывае на іх канчатковую цану.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН