Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/04/932497_12345/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 11:29
04.12.2017 15:37 Эканоміка

У Беларусі будзе створаная адзіная тавараправодная сетка тытунёвай прадукцыі

Мінск, 4 снежня. У Беларусі плануецца стварыць адзіную тавараправодную сетку тытунёвай прадукцыі, заявіў журналістам намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы 4 снежня пасля сённяшняй нарады ў Аляксандра Лукашэнкі па пытаннях рэгулявання галіны.

Паводле слоў Русага, існуючая ў Беларусі сістэма дзяржаўнага рэгулявання ў тытунёвай галіне дазволіла працаваць досыць эфектыўна. "У нас на ўзроўні дзяржавы пастаўлены жорсткі падыход: калі транснацыянальная кампанія хоча прадаваць на нашым рынку свае цыгарэты, яна павінна размясціць у нас гэтую вытворчасць, паставіць лінію, перадаць яе ва ўласнасць фабрыкі. Асноўныя транснацыянальныя кампаніі размясцілі гэтыя вытворчасці і інвеставалі прыкладна 26 млн долараў у развіццё свайго сектаральнага бізнесу, выбудаваная сістэма продажу", — цытуе віцэ-прэм'ера інфармагенцтва БелТА.

"На сённяшні дзень мы разгледзелі новы крок — у гэтую сферу ўваходзіць і бізнес. Ствараецца адзіная тавараправодная сетка, якая будзе займацца рэалізацыяй тытунёвай прадукцыі як на ўнутраным рынку, так і на знешнім", — адзначыў ён. Русы удакладніў, што ў якасці інвестара выступіць прыватны бізнес — кампанія "Энерга-Оіл": "Інвестар прывядзе інвестыцыі прыкладна ў 60 млн долараў — 122 млн рублёў. Павялічацца магутнасці Гродзенскай тытунёвай фабрыкі", — дадаў прадстаўнік урада.

Русы заўважыў, што рэалізацыя праекта за чатыры гады прынясе больш за 200 млн дадатковых паступленняў у бюджэт, а патэнцыйна — да 400 млн. "Нарматыўны дакумент будзе падрыхтаваны, каб са студзеня 2018 года гэты праект пачаў не рэвалюцыйна, а паэтапна развівацца. Завершыцца ён на першым этапе ў 2020 годзе. Далей будзем глядзець. Хоць мы ўсе гэтыя пытанні будзем суправаджаць. Гэта сур'ёзны крок да таго, каб у такія сферы ўваходзіў і бізнес. Але кантроль дзяржавы будзе вельмі сур'ёзны ў любым выпадку", — дадаў намеснік прэм'ер-міністра.

Інвестар, удакладніў Русы, будзе несці і пэўную сацыяльную нагрузку. У частцы развіцця вытворчасці гаворка ідзе пра тое, што інвестар паставіць яшчэ дзве лініі на фабрыку — кожная коштам па 10 млн долараў.

Русы растлумачыў, што апошнім часам за мяжой значна ўзрос попыт на прадукцыю беларускай тытунёвай галіны. Вытворчасць задзейнічаная кругласутачна, але паставіць на экспарт патрэбны аб'ём цыгарэт, "не агаліўшы ўнутраны рынак, у цяперашні час не ўяўляецца магчымым".

Гаворачы ў цэлым аб рэалізацыі праекта з удзелам прыватнага інвестара, віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што галоўнае тут — "захаванне кантролю за рэалізацыяй тытунёвай прадукцыі, паўната выканання бюджэту, выключэнне шэрага імпарту, адзіная коштавая палітыка, а таксама новыя працоўныя месцы".
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239