Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/04/932518_12345/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2019 03:38
04.12.2017 15:54 Палітыка, Грамадства

У дачыненні да былога фігуранта справы "Белага легіёна" Андрэя Бяляўскага распачатая крымінальная справа за захоўванне боепрыпасаў, паведамляюць праваабаронцы

Мінск, 4 снежня. У дачыненні да былога фігуранта справы "Белага легіёна" Андрэя Бяляўскага распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 295 (незаконныя выраб, набыццё, перадача ў валоданне, збыт, захоўванне, перавозка, перасылка або нашэнне агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў), паведамляе праваабарончы сайт www.spring96.org. Паведамляецца, што падчас вобшуку пры затрыманні ў яго быў знойдзены агнястрэльны боепрыпас.

Магчымае пакаранне па гэтым артыкуле — папраўчыя работы на тэрмін да двух гадоў, або арышт на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да сямі гадоў з канфіскацыяй маёмасці або без канфіскацыі.

Як стала вядома праваабаронцам, справа распачатая 27 лістапада Цэнтральным апаратам Следчага камітэта. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, ёсць яшчэ адзін падазроны ў захоўванні боепрыпасаў з ліку тых, каго падазравалі ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, аднак яго імя пакуль не называецца.

Мастак-дызайнер з Мінска Андрэй Бяляўскі быў затрыманы 28 сакавіка і абвінавачаны па частцы 3 артыкула 293 Крымінальнага кодэкса "Навучанне і падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках". Адпушчаны з СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыездзе 2 чэрвеня. У чэрвені справа аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў, заведзеная напярэдадні Дня Волі 25 сакавіка, была спыненая, а другая распачатая крымінальная справа (аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання) перададзеная з КДБ у Следчы камітэт.

27 лістапада СК спыніў справу пра ўзброенае фармаванне ў сувязі з тым, што, як устаноўлена, дзеянні фігурантаў не былі накіраваныя на гвалтоўнае змяненне канстытуцыйнага ладу.

Як паведамлялася, у сакавіку гэтага года, за некалькі дзён да апазіцыйнай акцыі з нагоды Дня волі, Аляксандр Лукашэнка заявіў пра "баевікоў, якія рыхтуюць правакацыю са зброяй". КДБ паведаміў пра распачынанне крымінальнай справы па факце падрыхтоўкі да ўдзелу ў масавых беспарадках. Было затрымана больш за 30 чалавек — былыя актывісты спартыўна-патрыятычнага клуба "Белы легіён" (арганізацыя спыніла дзейнасць больш за 15 гадоў таму), афіцыйна зарэгістраванага клуба "Патрыёт" і не зарэгістраванага ў Беларусі "Маладога фронту". Пасля некаторым змянілі меру стрымання (падпіска аб нявыездзе, хатні арышт). Большай частцы абвінавачаных было выстаўленае дадатковае абвінавачанне па артыкуле 287 КК (стварэнне незаконнага ўзброенага фармавання).
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН