Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/05/932609_445587/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:23
05.12.2017 10:28 Эканоміка, Фінансы

Сусветны банк і Мінлясгас плануюць падпісаць пагадненне аб выдзяленні пазыкі на 14 млн долараў у сакавіку 2018 года

Мінск, 5 снежня. Сусветны банк і Міністэрства лясной гаспадаркі плануюць падпісаць пагадненне аб выдзяленні дадатковай пазыкі на 14 млн долараў у сакавіку наступнага года. Пра гэта было заяўлена на чарговай сустрэчы групы спецыялістаў Сусветнага банка з прадстаўнікамі ведамства, паведаміла прэс-служба Мінлясгаса.

Група спецыялістаў Сусветнага банка знаходзілася з рабочым візітам у Беларусі з 22 лістапада па 1 снежня. За гэты час эксперты змаглі бліжэй пазнаёміцца з рэалізацыяй праекта "Развіццё ляснога сектара Рэспублікі Беларусь", пачаць працу па падрыхтоўцы пакета дакументаў для выдзялення дадатковай пазыкі пад гэты праект.

Гаворка ідзе пра 14 млн долараў, з дапамогай якіх Мінлясгас зможа ажыццявіць будаўніцтва трох сучасных лесанасенных комплексаў. На заключнай сустрэчы спецыялісты Сусветнага банка яшчэ раз пацвердзілі факт рэзервацыі гэтых сродкаў.

У міністэрстве адзначылі, што беларускі бок распрацаваў графік падрыхтоўкі неабходных дакументаў. Яго падпісаў намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы. "Наш бок дакладна выконвае вызначаны план дзеянняў. І спецыялісты Сусветнага банка з задавальненнем адзначылі гэта на сустрэчы", — паведаміла прэс-служба.

Чакаецца, што канчатковыя перамовы па пытанні выдзялення дадатковай пазыкі адбудуцца ў лютым 2018 года.

Раней Мінлясгас атрымаў ад Сусветнага банка крэдыт у 40,7 млн долараў ЗША. Гэтыя грошы былі накіраваныя на ўмацаванне лясной аховы, закупку тэхнікі, стварэнне гадавальнікаў з сучаснай тэхналогіяй атрымання пасадачнага матэрыялу. Зараз у краіне вядзецца будаўніцтва трох такіх цэнтраў: у Брэсцкай, Віцебскай і Мінскай абласцях. Дзякуючы падтрымцы Сусветнага банка на працягу найбліжэйшых трох гадоў сучасныя лесанасенныя комплексы з'явяцца і ў іншых абласцях краіны.
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239