Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/05/932638_557469/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 10:30
05.12.2017 13:14 Эканоміка

Лукашэнка прапанаваў у перспектыве прыцягваць беларускіх спецыялістаў да будаўніцтва АЭС у Курскай вобласці

Мінск, 5 снежня. Аляксандр Лукашэнка 5 снежня на сустрэчы ў Мінску з губернатарам Курскай вобласці Аляксандрам Міхайлавым прапанаваў у перспектыве прыцягваць беларускіх спецыялістаў да будаўніцтва АЭС у гэтым рэгіёне Расіі.

"Мяне прыемна здзівіла прапанова нашых спецыялістаў аб тым, што літаральна ў наступным годзе ці праз год яны змогуць удзельнічаць у будаўніцтве вашай атамнай станцыі, — цытуе кіраўніка дзяржавы яго прэс-служба. — Калі будзе неабходна, мы гатовыя ў гэтай частцы працаваць разам з расіянамі".

Лукашэнка адзначыў, што на гэты конт былі і дамоўленасці з "Расатамам": беларускія спецыялісты павінны навучыцца выконваць асноўныя работы па будаўніцтве АЭС, а пасля змогуць прыцягвацца да ўдзелу ў рэалізацыі аналагічных праектаў у Расіі і іншых краінах.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў краін ужо ёсць вопыт сумеснай працы ў Беларусі на будаўніцтве БелАЭС, а спецыялісты, якія вызваляюцца, заўсёды будуць запатрабаваныя. "Там патрэбныя вельмі адказныя спецыялісты вузкага профілю", — сказаў ён.

Лукашэнка таксама прапануе Курскай вобласці актывізаваць узаемадзеянне ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы і будаўніцтве.

"На жаль, за папярэднія гады як з Расіяй, так і з рэгіёнам тавараабарот у нас знізіўся. Аднак пазітыўныя тэндэнцыі сёлета даюць упэўненасць у тым, што сумеснымі намаганнямі мы можам выправіць сітуацыю і аднавіць аб'ёмы ўзаемнага гандлю. Гэтаму павінна спрыяць актывізацыя ўзаемадзеяння перш за ўсё ў прамысловасці, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве. Па ўсіх гэтых кірунках у нас ёсць пэўны вопыт, я б нават сказаў, поспехі", — заявіў ён.

У якасці аднаго з перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва Лукашэнка назваў аснашчэнне Міхайлаўскага горна-абагачальнага камбіната — аднаго з найбуйнейшых у Расіі і СНД па здабычы і ўзбагачэнні жалезнай руды — кар'ернай тэхнікай "БелАЗ". "Мы зацікаўленыя ў працягу гэтай працы", — сказаў ён.

З улікам вытворча-інавацыйных магчымасцяў Беларусі і Курскай вобласці таксама варта сумесна прапрацаваць варыянты пашырэння прамысловай кааперацыі. "У складзе вашай дэлегацыі кіраўнікі буйных прадпрыемстваў рэгіёну, зацікаўленых ва ўмацаванні супрацоўніцтва з ААТ "Планар", Мінскім маторным заводам. Думаю, што такое ўзаемадзеянне дазволіць сумесна выйсці на вытворчасць высокатэхналагічнай прадукцыі сусветнага ўзроўню", — заявіў афіцыйны лідар.

Лукашэнка адзначыў, што Курская вобласць дамаглася прыкметных поспехаў у сельскай гаспадарцы, і Беларусь магла б спрыяць далейшаму развіццю гэтай галіны ў рэгіёне. "У нас вырабляецца шырокі спектр сельскагаспадарчай тэхнікі, мы ўмеем будаваць комплексы для сельскай гаспадаркі з абсталяваннем пад ключ", — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Ён лічыць мэтазгодным абмеркаваць перспектывы супрацоўніцтва ў пастаўках элітнага насення збожжавых і агароднінных культур, мінеральных угнаенняў.

"Мы адкрытыя для супрацоўніцтва і гатовыя зрабіць усё, на што мы здольныя. Усё, што мы ўмеем, вы ведаеце. У тым ліку і жыллёвае будаўніцтва — у нас ёсць вопыт Мазырскага домабудаўнічага камбіната, які будуе ў вас дамы. На 2018 год ёсць кантракт па будаўніцтве дома, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Калі патрэбна тут вялікая інтэнсіфікацыя, аб'ёмы, мы гатовыя разгледзець і падключыць іншыя трасты. У Беларусі ёсць магутнасці, якія сёння не задзейнічаныя, добрыя спецыялісты. Мы зацікаўленыя, каб яны працавалі, і калі ў Расіі, то пажадана сваімі калектывамі".
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239