Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/06/932856_12345/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 21:14
06.12.2017 14:57 Палітыка, Грамадства

Палітзняволены Міхаіл Жамчужны абскардзіў адно з вынесеных яму спагнанняў з боку адміністрацыі калоніі

Мінск, 6 снежня. Суд Горацкага раёна Магілёўскай вобласці 8 снежня разгледзіць скаргу Міхаіла Жамчужнага на вынесенае яму адміністрацыяй папраўчай калоніі ў Горках спагнанне — змяшчэнне на пяць сутак у штрафны ізалятар.

Як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, спагнанне было вынесенае ў жніўні 2017 года, калі адміністрацыя калоніі спрабавала перавесці Жамчужнага ў атрад, які сфарміраваны з асуджаных з "нізкім статусам". За адмову ад пераходу на яго быў складзены рапарт аб непадпарадкаванні.

Праблемы з адміністрацыяй калоніі ў палітвязня пачаліся пасля яго пераводу ў Горкі, дзе "з патурання адміністрацыі для яго былі створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасці і зневажальнага характару ўмовы для адбыцця пакарання, арганізаваная кампанія яго цкавання, звязаная з усталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін", адзначаюць праваабаронцы.

Паводле іх інфармацыі, на канец лістапада ў Жамчужнага было ўжо 11 спагнанняў, большасць з якіх — змяшчэнне ў штрафны ізалятар на розныя тэрміны, а таксама ў памяшканне камернага тыпу на месяц. На 24 кастрычніка быў прызначаны суд аб пераводзе палітвязня на турэмны рэжым зняволення, але напярэдадні судовага працэсу адміністрацыя адклікала сваё прадстаўленне.

Палітвязень збіраецца абскардзіць усе вынесеныя яму адміністрацыяй калоніі ў Горках спагнанні, падкрэсліваюць праваабаронцы.

Міхаіл Жамчужны — былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак, вынаходнік. Першым у Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве.

Жамчужны перадаваў звесткі пра змяшчэнне зняволеных у месцах пазбаўлення волі праваабарончай арганізацыі "Платформа". Быў затрыманы ў 2014 годзе. У ліпені 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторванні да наўмыснага абвяшчэння звестак, якія ўяўляюць службовую тайну, незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, і дачы хабару. Праваабаронцу прысудзілі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж года касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла яму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Жамчужны утрымліваўся ў калоніі ў Навасадах (Барысаўскі раён Мінскай вобласці), затым у калоніі № 11 у Ваўкавыску (Гродзенская вобласць). 10 ліпеня палітвязень быў пераведзены ў калонію ў Горках (Магілёўская вобласць).
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН