Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/08/933211_933212/
Дата раздрукоўкі: 17.09.2019 03:46
08.12.2017 17:00 Грамадства

Лукашэнка: У барацьбе з п`янствам нельга пераціснуць

Мінск, 8 снежня. Аляксандр Лукашэнка абяцае новыя меры па барацьбе з п`янствам, але ўпэўнены, што толькі забаронамі праблему не вырашыць. Пра гэта ён заявіў 8 снежня, размаўляючы ў Мінску з прадстаўнікамі працоўнага калектыву ААТ "Камволь".
"Цяпер, гляджу, у СМІ разгарнуліся дэбаты: забараніць, не прадаваць, пакараць. Ну, калі вы хочаце жулікаў развесці, якія будуць з-пад крыса, — таксісты і іншыя, — прадаваць ноччу і позна ўвечары алкаголь і кішэні набіваць, гэта можна зрабіць. Забароны, як паказвае гісторыя, вынікаў яшчэ не давалі", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Ён упэўнены, што трэба больш увагі надаваць здароваму і актыўнага ладу жыцця на ўсіх узроўнях — ад сям`і да дзяржавы. "Для гэтага мы стварылі ідэальныя ўмовы. У цяжкай сітуацыі пабудавалі столькі аб`ектаў. Сёння выдзяляем добрыя грошы для трэнераў, — сказаў Лукашэнка. — Але гэта працяглы перыяд часу. Не думайце, што мы закрылі дзесьці пункт, перасталі прадаваць і дамагліся выніку.

Замест гэтага пункта два будуць адкрыты ў іншым месцы. Створым дэфіцыт — падгонім цану і будзем потым лавіць гэта жуллё. Таму ў мяне шмат на стале прапаноў. Я даручыў прапрацаваць іх. Сапраўды, з гэтай праблемай трэба нешта рабіць".

"У найбліжэйшы час паглядзім. Пасля Новага года вернемся да гэтай праблемы і будзем яе вырашаць зыходзячы з магчымасці. Тут нельга пераціснуць. Так, ёсць прапанова, дапусцім, закрыць і з 10 пунктаў адзін пакінуць. Глупства. Але ёсць прапанова той, што насупраць школы, закрыць. Правільна, няхай перанясуць яго ў іншае месца, але насупраць школы не павінны прадаваць алкаголь і тытунь. З гэтым згодны. І шмат такіх прапаноў. Будзем ісці ад жыцця", — заявіў афіцыйны лідар.

"Маю пазіцыю ў гэтым плане вы ведаеце. Я чалавек, які амаль не п`е. Можна сказаць, мала п`е. Але гэта мая пазіцыя, мая думка. Людзі ж жывуць паводле законаў вызначаных і ўласных уяўленняў пра жыццё, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Ну вось мы сабраліся тут... У нас што, непітушчыя тут усе. Ну давайце перастанем піць столькі і будзем па святах выпіваць або з нагоды адкрыцця новай вытворчасці, і ўсё будзе нармальна. Гэта вельмі цяжкая, складаная праблема".

Як звярнуў увагу Лукашэнка, некаторыя заяўляюць аб тым, што праблема курэння і п`янства звязана з тым, што дзяржава хоча папоўніць бюджэт. "Гэта апошнія нягоднікі і ворагі беларускай дзяржавы. Сапраўды, акцызы на алкаголь і тытунь — гэта вялікія падаткі (вы чулі, нядаўна праводзіў нараду), ад тытуню мы атрымаем у гэтым годзе 0,5 млрд долараў у бюджэт. Гэта пяць вашых такіх прадпрыемстваў. Калі мы толькі цяпер гэты акцыз знізім або алкаголю пачнем менш вырабляць, да нас прывязуць барматуху з Расіі, Украіны, з Захаду. Толькі адкрый — усё сюды хлыне. І акцызаў не атрымаем, і піць менш не станем. Таму гэта такія размовы, як я кажу па-народнаму, "плявузганне". Любая дзяржава ўводзіць акцызы і атрымлівае ад гэтага падаткі", — падкрэсліў ён.

"Таму трэба знайсці ўзважаны нармальны стан — і там не нашкодзіць, і тут не страціць. Гэта ўсё няпроста. Трэба ўсё ўзважыць і прыняць рашэнне. Але, яшчэ раз падкрэсліваю, усё залежыць ад нас. Няпростая праблема. Будзем яе акуратна вырашаць, але наскокам нічога рабіць не будзем. Спрабавалі ўжо. І вінаграднікі павысякалі, і яшчэ нешта... І цяпер гераічна (я сустракаюся з прэзідэнтамі каўказскіх рэспублік, Украіны) яны адраджаюць тое, што было знішчана ў свой час. Таму тут трэба ісці акуратна, крок за крокам, вырашаючы гэту праблему. Мы яе будзем вырашаць. Гэта праблема цяжкая", — рэзюмаваў Лукашэнка.

Як паведамляў БелаПАН, Міністэрства ўнутраных спраў прапаноўвае ўвесці строгія меры ў сферы абароту алкаголю. У ведамстве прапаноўваюць не прадаваць алкаголь з 23.00 да 9.00 раніцы, а ў крамах з плошчай гандлёвай залы 1.000 кв. м і больш абсталяваць для алкаголю асобную залу. Акрамя таго, сярод прапаноў — павялічыць узрост, калі можна купіць алкаголь, з 18 гадоў да 21 года, абмежаваць продажу алкаголю на аўтазапраўках.

На сайце МУС арганізавана грамадскае абмеркаванне прапаноў міліцыі па абмежаванні даступнасці алкаголю ў рамках падрыхтоўкі праекта ўказа прэзідэнта "Аб пытаннях рознічнага гандлю алкагольнымі, слабаалкагольнымі напоямі і півам". Як лічыць міліцыя, у выпадку падпісання ўказ "дазволіць прыпыніць алкагалізацыю насельніцтва і скараціць колькасць ахвяр "п`яных" злачынстваў".

Паводле інфармацыі МУС, кожнае чацвёртае злачынства ў краіне ўчыняецца ў стане алкагольнага ап`янення. Сярод цяжкіх злачынстваў (забойства, разбоі, рабаванні) гэта лічба складае 70—80%.

Паводле дадзеных СААЗ, у разліку на душу насельніцтва Беларусь займае другое месца ў свеце па вытворчасці і ўжыванні алкаголю (15 л на чалавека), саступаючы толькі Літве (16 л), абагнаўшы Латвію (13 л), Расію і Польшчу (па 12 л).
Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН