Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/11/933461_933462/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 21:23
11.12.2017 13:01 Эканоміка, Грамадства

Лукашэнка: Беларусь можа стаць гаванню для развіцця ІТ-бізнесу

Мінск, 11 снежня. Беларусь "мае ўсе шанцы стаць як мінімум рэгіянальным лідарам у развіцці самых перадавых кірункаў — штучнага інтэлекту, вялікіх дадзеных, тэхналогіі блокчэйн". Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 11 снежня на нарадзе па праекце дэкрэта "Аб развіцці лічбавай эканомікі".
"Мы павінны прыняць новую, як яе называюць, лічбавую рэальнасць і максімальна выкарыстаць усе магчымасці, якія яна адкрывае перад Беларуссю, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта. — Менавіта таму з`явіўся праект дэкрэта "Аб развіцці лічбавай эканомікі". Усёабдымная назва, і яна кажа сама за сябе. Наша краіна цвёрда вызначылася: лічбавая трансфармацыя эканомікі з`яўляецца адным з ключавых прыярытэтаў развіцця дзяржавы".

На нараду запрошаны як прадстаўнікі дзяржаўных органаў, так і вядомыя прадстаўнікі ІТ-супольнасці.

Лукашэнка адзначыў, што прадмет размовы вельмі актуальны і вельмі маштабны, аднак яшчэ некалькі гадоў таму ніхто не мог і ўявіць, што адпаведныя пытанні настолькі прадметна будуць абмяркоўвацца на ўзроўні прэзідэнта. "Так хутка і бурна развіваецца жыццё, і ад гэтага нікуды не сысці. І калі мы ў гэтым бурным жыцці адстанем, значыць, мы зноў жа будзем пакутаваць, што ў нас чагосьці не хапае. Гаворка ідзе не проста аб развіцці ІТ-сферы і не толькі аб высокіх тэхналогіях. Тэма сустрэчы значна шырэйшая. Яшчэ вясной было прынята рашэнне аб стварэнні ІТ-краіны. Назва гэта ўмоўная, але ўсім сутнасць зразумелая", — заявіў афіцыйны лідар.

Ён падкрэсліў, што інфармацыйныя тэхналогіі пранікаюць ва ўсе сферы, а таму парадак дня ўключае не толькі праблемы ІТ-галіны. Паводле слоў Лукашэнкі, краіны жорстка канкурыруюць — за рынкі, капітал, прычым усё часцей канкурэнцыя ідзе не толькі за фінансавы, але і за чалавечы капітал, ідзе барацьба за разумных, адукаваных і энергічных людзей, за новыя ідэі і інтэлектуальную ўласнасць.

"Айчыннай ІТ-сферы неабходна надаць новы імпульс развіцця, каб здольныя людзі маглі тут у поўнай меры рэалізаваць свае магчымасці. Беларусь павінна стаць рэальным цэнтрам прыцягнення для таленавітых людзей, паспяховых кампаній і міжнародных карпарацый. Наша краіна мае ўсе шанцы стаць як мінімум рэгіянальным лідарам у развіцці самых перадавых кірункаў — штучнага інтэлекту, вялікіх дадзеных, тэхналогіі блокчэйн", — упэўнены беларускі кіраўнік.

Лукашэнка адзначыў, што ён "ні ў якім разе не мае намеру тармазіць адпаведныя працэсы і ніколі не быў рэтраградам". Аднак, паводле яго слоў, шмат у чым рэалізацыя вызначанага будзе залежаць ад саміх прадстаўнікоў сферы інфармацыйных тэхналогій.

Прэзідэнт заклікаў ІТ-бізнесменаў нароўні з імкненнем атрымаць прыбытак на новай хвалі не забываць пра інтарэсы дзяржавы, якая ў тым ліку стварае ўмовы, гарантуе стабільнасць і бяспеку. "Усе разумныя і талковыя людзі разумеюць цяпер, што такое стабільнасць і парадак. І да гэтага берага кожны спрабуе прычаліць. Мы гатовыя такі прычал арганізаваць, і нават больш — гавань. Вы павінны стаць добрымі гаспадарамі ў гэтай гавані. Даць магчымасць зарабіць. Але дзяржава мае патрэбу ў сіле. Таму яе трэба падтрымліваць. Я хілю да таго, што, зарабляючы сабе, не забывайце, калі ласка, што вы жывяце ў канкрэтнай дзяржаве", — сказаў Лукашэнка.

"Мяне вы не зможаце ніколі папракнуць у тым, што вашы грошы, якія паступілі ў казну ў выглядзе падаткаў, будуць раскрадзены. Ніколі! Хочаце прапанаваць новыя кірункі выкарыстання бюджэтных грошай — калі ласка. Усе разумныя вашы ініцыятывы і прапановы будуць неадкладна рэалізаваны, — падкрэсліў афіцыйны лідар. — Ну а калі вы створыце тут такую выдатную гавань, куды ўсе прыедуць і будуць самі на сябе працаваць і зарабляць, не думаючы пра іншых, і нават пра тых, хто ў вас у кампаніях будзе працаваць... Шчыра кажучы, не патрэбна мне такая гавань. Таму зразумейце мяне правільна. Я чалавек дзяржаўны. Гэта не супярэчыць вашым задумам, натхненнем, ідэям, але давайце разам будзем адказваць за гэты кавалак зямлі. Я буду гарантаваць вам стабільнасць, неўмяшанне. Але парадак ніхто не адмяняў".

Лукашэнка адзначыў, што ў свеце "няма ясных адказаў на многія выклікі, народжаныя бурным развіццём тэхналогій", а таму і цяперашні праект дэкрэта пасля яго прыняцця пасля прыйдзецца дапрацоўваць. "Гэта будзе падмурак, але яго трэба будзе развіваць", — дадаў ён.

Удзельнікаў нарады Лукашэнка заклікаў да адкрытай і шчырай размовы: "Давайце разам падумаем, абмяркуем, наладзім мазгавы штурм і паспрабуем зразумець, як зрабіць так, каб наша мэта — стварыць ІТ-краіну — была дасягнута. Гэта будзе наша з вамі сумеснае дасягненне, якім мы зможам ганарыцца".

Кіраўнік адміністрацыі Парку высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі на нарадзе адзначыў, што ў сучасным свеце краіны ўсё часцей канкурыруюць не тэрыторыямі, вытворчасцямі або сыравінай і нават не тэхналогіямі, а якасцю прававых сістэм. "І людзі, і тэхналогіі, і капіталы накіроўваюцца туды, дзе ім камфортней з прававога пункту гледжання", — сказаў ён.

Паводле слоў Янчэўскага, у праекце дэкрэта сабраны ідэі як беларускай ІТ-супольнасці, так і сусветны вопыт. У прыватнасці закладзены прававыя рашэнні, "якія з`яўляюцца прарыўнымі не толькі для Беларусі і яе краін-суседзяў, але і самых развітых краін свету", паколькі ён уключае ў сябе падтрымку прадуктовай мадэлі, пашырэнне відаў дзейнасці рэзідэнтаў ПВТ, ІТ-адукацыю, развіццё сферы блокчэйн-тэхналогій.

Як паведамлялася раней, праект дэкрэта — адзін з двух не падпісаных у пакеце дакументаў аб стымуляванні дзелавой ініцыятывы. Другім з`яўляецца праект указа прэзідэнта аб скарачэнні ліцэнзаваных відаў дзейнасці. Паводле інфармацыі БелаПАН, эканамічныя ўлады выступалі катэгарычна супраць палажэнняў дэкрэта, якія прадугледжваюць легалізацыю ў краіне крытпавалют і тэхналогіі блокчэйн. Мінфін і Нацбанк адмовіліся ад рэгулявання крыптавалют, паколькі бачаць у іх патэнцыйныя рызыкі для фінансавага рынку. Аднак, як паведаміла прэс-служба ўрада 5 снежня, "праект дэкрэта "Аб развіцці лічбавай эканомікі", які прадугледжвае ў тым ліку максімальна спрыяльныя ўмовы для развіцця тэхналогій блокчэйн (уключаючы майнінг і абарот крыптавалют), а таксама комплекснае прававое рэгуляванне дзейнасці ў гэтай сферы, узгоднены без заўваг усімі ўпаўнаважанымі дзяржаўнымі органамі Беларусі і ўнесены ва ўстаноўленым парадку на разгляд прэзідэнта".
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН