Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/12/933641_933642/
Дата раздрукоўкі: 25.02.2020 23:58
12.12.2017 13:20 Грамадства, Эканоміка

Міністр адукацыі: Конкурс WorldSkills International дазваляе прыцягваць новыя тэхналогіі ў рэальны сектар эканомікі

Мінск, 12 снежня. Міжнародны конкурс WorldSkills International не проста спрыяе развіццю сістэмы падрыхтоўкі кадраў, гэты рух дазваляе вывучаць і прыцягваць новыя тэхналогіі ў розныя вытворчыя працэсы, у рэальны сектар эканомікі краіны. Такое меркаванне выказаў міністр адукацыі Ігар Карпенка падчас пасяджэння рэспубліканскага арганізацыйнага камітэта WorldSkills International, які прайшоў у Мінску напярэдадні.

"WorldSkills International — перспектыўная пляцоўка, дзе мы не толькі абменьваемся вопытам, але і рыхтуем сваіх экспертаў, якія заўтра будуць займацца навучаннем удзельнікаў гэтага руху. Усе атрыманыя там веды, навыкі і кампетэнцыі ўкараняюцца і ў звычайны адукацыйны працэс, гэта значыць іх маштабна атрымліваюць усё навучэнцы сістэмы прафесійнай адукацыі", — цытуе Карпенку прэс-служба міністэрства.

На яго думку, беларуская каманда здавальняюча выступіла ў кастрычніку 2017 года на міжнародным конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills у Абу-Дабі. "Шаснаццатае месца сярод той велізарнай колькасці краін, якія прымалі ўдзел у ім, неблагое. Разам з тым мы не павінны задавольвацца гэтым вынікам", — падкрэсліў міністр.

Чыноўнік адзначыў, што пасля сістэмнага аналізу і абмеркавання вынікаў мінулага міжнароднага чэмпіянату плануецца ўнесці змены ў наяўныя і распрацаваць новыя падыходы ў падрыхтоўцы беларускай каманды да ўдзелу ў руху WorldSkills. "Мы плануем унесці карэкціроўкі ў праграму "Адукацыя і маладзёжная палітыка". Будуць улічаны ўсе патрэбы сістэмы прафтэхадукацыі ў святле ўдзелу ў руху WorldSkills", — сказаў ён.

Па выніках пасяджэння зацверджаны праект праграмы кадравага забеспячэння інавацыйнай эканомікі і развіцця руху WorldSkills, JuniorSkills на 2018—2021 гады. Нацыянальны чэмпіянат пройдзе ў маі 2018 года. Адборачныя рэгіянальныя спаборніцтвы ўжо пачаліся і працягнуцца да сакавіка. Па іх выніках вызначаць фіналістаў, якія буду спаборнічаць у нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Belarus 2018 у 38 кампетэнцыях, сем з іх — новыя, у тым ліку "візуальны мерчандайзінг", "касметалогія", "хлебапячэнне", "аграномія".

На пасяджэнні таксама абмяркоўваліся пытанні ўдзелу прадпрыемстваў у падрыхтоўцы членаў зборнай да выступлення на міжнародным чэмпіянаце WorldSkills, павышэння якасці падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для інавацыйных вытворчасцяў, развіцця руху WorldSkills у Беларусі і стварэння аптымальных умоў падрыхтоўкі нацыянальнай зборнай да ўдзелу ў міжнародных чэмпіянатах прафмайстэрства.

WorldSkills — найбуйнейшыя міжнародныя спаборніцтвы па прафесійным майстэрстве, своеасаблівыя алімпійскія гульні для пачаткоўцаў — рабочых і спецыялістаў. Іх праводзяць кожныя два гады ўжо больш за 60 гадоў. Удзел у іх прымаюць кваліфікаваныя рабочыя, студэнты, навучэнцы ліцэяў і каледжаў ва ўзросце да 22 гадоў. Рух WorldSkills нацэлены на папулярызацыю рабочых прафесій у сучасным грамадстве, павышэнне іх прывабнасці сярод моладзі.
Ірына Турчына, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН