Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/13/933797_933798/
Дата раздрукоўкі: 28.11.2020 23:58
13.12.2017 13:30 Грамадства

Віцэ-прэм'ер Жарко: У Беларусі забяспечаны стопрацэнтны доступ грамадзян да медыцынскіх паслуг

Мінск, 13 снежня. Дзякуючы цеснаму ўзаемадзеянню медыцынскай навукі і практыкі ў Беларусі "ўдалося забяспечыць стопрацэнтны доступ грамадзян да медыцынскіх паслуг", заявіў намеснік прэм'ер-міністра Васіль Жарко, выступаючы 12 снежня на секцыі "Медыцынскія і фармацэўтычныя навукі" II з'езда вучоных Беларусі.

Жарко адзначыў, што ўкараненне сучасных медыцынскіх і сацыяльных тэхналогій, прынятыя дзяржавай меры па падтрымцы сям'і і мацярынства дазволілі дамагчыся паляпшэння дэмаграфічнай сітуацыі — у апошнія гады краіна мае нізкія паказчыкі немаўлячай, мацярынскай і дзіцячай смяротнасці, паведамляе прэс-служба ўрада.

"Залог поспеху медыцынскай і фармацэўтычнай навукі — у міждысцыплінарнай інтэграцыі навуковых даследаванняў з выкарыстаннем інтэлектуальнага патэнцыялу вучоных і матэрыяльна-тэхнічнай базы розных ведамстваў", — лічыць Жарко. Паводле яго слоў, сумесна з установамі Міністэрства аховы здароўя ў выкананні навуковых праектаў для аховы здароўя ўдзельнічаюць амаль тры дзясяткі ўстаноў НАН Беларусі, Міністэрства адукацыі.

Вучоныя-медыкі паспяхова інтэгруюцца ў міжнародную навуковую прастору, штогод пашыраецца геаграфія ўдзелу навукоўцаў у працы міжнародных форумаў, расце колькасць публікацый у прэстыжных навуковых выданнях, адзначыў віцэ-прэм'ер. Паводле яго слоў, пастаянна ўдасканальваецца інфармацыйнае суправаджэнне навукова-даследчага працэсу, павышаецца даступнасць інфармацыйных рэсурсаў для спецыялістаў.

Жарко ўпэўнены, што медыцынская i фармацэўтычная навука набыла інавацыйную і інвестыцыйную накіраванасць, зроблены акцэнт на развіццё прыярытэтных для аховы здароўя навукаёмістых тэхналогій. Разам з ростам бюджэтнага фінансавання навуковых даследаванняў актыўна выкарыстоўваюцца пазабюджэтныя сродкі, дадаў ён.

Паводле слоў віцэ-прэм'ера, праведзена тэхналагічнае пераўзбраенне навуковых арганізацый, умацавана іх матэрыяльна-тэхнічная база, створаны цэнтры калектыўнага карыстання дарагім абсталяваннем, ажыццяўляецца падрыхтоўка навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі. Для ўкаранення вынікаў навуковых даследаванняў у практыку аховы здароўя праведзена яе структурная перабудова: на базе навукова-даследчых інстытутаў і буйных клінік створана сетка РНПЦ. "Наяўнасць РНПЦ, з аднаго боку, дае магчымасць значна скараціць шлях ад навуковага адкрыцця да прымянення на практыцы, а з іншага — укараненне новых медыцынскіх тэхналогій у практыку пазітыўна ўплывае на паказчыкі дзейнасці сістэмы аховы здароўя. Акрамя таго, у цэнтрах праводзяцца складаныя ўмяшанні на ўзроўні сусветнай медыцынскай практыкі — ад кардыяхірургіі да трансплантацыі органаў і тканак", — адзначыў чыноўнік.

Паводле звестак прэс-службы, разам з пазітыўнымі тэндэнцыямі намеснік прэм'ер-міністра адзначыў і "некаторыя праблемы". "Так, адзначаецца, што ў асобных навуковых арганізацыях недастаткова актыўна вядзецца інавацыйная дзейнасць, камерцыялізацыя вынікаў навуковых даследаванняў распрацовак на нізкім узроўні. У сувязі з гэтым наспела надзённая патрэба ў прыняцці кардынальных мер для мадэрнізацыі медыцынскай навукі з улікам глабальных міжнародных тэндэнцый", — падкрэсліў Жарко. На яго думку, неабходна таксама забяспечыць рост канкурэнтаздольнасці і інавацыйнага развіцця аховы здароўя з улікам развіцця сістэмы бесперапыннай прафесійнай адукацыі і падрыхтоўкі кадраў для інавацыйнай дзейнасці.
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239