Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/13/933819_933820/
Дата раздрукоўкі: 18.09.2019 20:44
13.12.2017 11:27 Грамадства

Беларускім навукоўцам пад сілу вырашаць самыя складаныя задачы, лічыць Лукашэнка

Мінск, 13 снежня. З'езд вучоных — гэта найвышэйшы інтэлектуальны форум нашай краіны, заявіў Аляксандр Лукашэнка 13 снежня на II з'ездзе вучоных Беларусі.
Ён адзначыў, што першы з'езд прайшоў 10 гадоў таму. "Думаю, што такія мерапрыемствы павінны ў краіне праводзіцца часцей, хоць бы таму, што мы паставілі перад сабой амбіцыйныя мэты, якія без навукі недасяжныя", — сказаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, 10 гадоў таму на аналагічным форуме абмяркоўваліся стан і надзённыя праблемы беларускай навукі, а таксама шляхі іх вырашэння. "Ужо тады магістральным кірункам мы вызначылі яе прыкладны характар. На гэта былі нацэлены як акадэмічныя, галіновыя навуковыя структуры, так і навуковыя структуры ВНУ", — адзначыў Лукашэнка.

"За дзесяцігоддзе зроблена нямала. Эфектыўныя беларускія распрацоўкі атрымалі шырокае прызнанне, зроблены захады па ўдасканаленні нарматыўна-прававой базы навуковай і інавацыйнай дзейнасці, рэалізаваны мерапрыемствы па паглыбленні ўзаемадзеяння навукі з арганізацыямі рэальнага сектара эканомікі, выбудавана сістэма падтрымкі таленавітай моладзі", — сказаў ён.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, больш за 25 тысяч супрацоўнікаў выконваюць навуковыя даследаванні і распрацоўкі, з іх каля 8 тысяч чалавек працуюць у Нацыянальнай акадэміі навук. "Словам, салідная армія, якой пад сілу вырашаць самыя адказныя і складаныя задачы", — дадаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў Беларусі працуюць навукоўцы з сусветнымі імёнамі. "Ваш талент служыць на карысць беларускага народа і нашай маладой суверэннай дзяржавы", — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што аб'ём выпуску навукова-тэхнічнай інавацыйнай прадукцыі за мінулую пяцігодку вырас больш чым у два разы. У прыватнасці машынабудаўнікі разам з навукоўцамі стварылі самы вялікі кар'ерны самазвал "БелАЗ" грузападымальнасцю 450 тон, распрацаваны і асвоены ў вытворчасці беларускі нізкападлогавы электробус хуткай зарадкі.

"Мадэрнізацыя беларускай энергасістэмы дазволіла за 2012—2016 гады ў тры разы знізіць імпарт электрычнай энергіі, — сказаў Лукашэнка. — Эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў за пяць гадоў склала каля дзвюх з паловай тон умоўнага паліва. Пры гэтым значна зніжаны выкіды шкодных рэчываў у атмасферу" .

Паводле яго слоў, з апорай на новыя, у асноўным айчынныя, распрацоўкі вырашана праблема харчовай бяспекі. "Мы сталі не толькі самадастатковай у гэтых адносінах, але і экспартна арыентаванай краінай, — падкрэсліў Лукашэнка. — Доля экспарту сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання ў аб'ёме экспарту тавараў у 2016 годзе склала амаль 18%".

Радуюць кіраўніка дзяржавы і вынікі працы беларускіх вучоных-медыкаў, фармацэўтаў. "Толькі ў 2016 годзе ўведзены ў практыку больш за 250 новых медыцынскіх тэхналогій у такіх важных галінах, як кардыялогія, траўматалогія, анкалогія, ахова мацярынства і дзяцінства. Беларусь знаходзіцца ў ліку сусветных лідараў у галіне транспланталогіі", — адзначыў Лукашэнка.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН