Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/13/933822_933823/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 05:37
13.12.2017 12:18 Грамадства, Палітыка

Палітвязень Міхаіл Жамчужны зноў змешчаны ў штрафны ізалятар

Мінск, 13 снежня. Палітвязень Міхаіл Жамчужны пакараны 10 суткамі знаходжання ў штрафным ізалятары (ШІЗА) за невыкананне законнага патрабавання супрацоўніка адміністрацыі калоніі. Такое рашэнне, як паведамляе праваабарончы сайт spring96.org, было вынесена адміністрацыяй 6 снежня, аднак вядома пра яго стала толькі праз тыдзень.

Гэта ўжо чатырнаццатае спагнанне, якое накладзена на Жамчужнага з моманту яго пераводу ў калонію № 9 у Горках (Магілёўская вобласць).

"Міхаіл Жамчужны заяўляе, што адчувае рэальную пагрозу свайму жыццю. Ён папрасіў перадаць: што б з ім ні адбывалася, ён вешацца не будзе, са здароўем у яго ўсё ў парадку", — паведамляюць праваабаронцы.

Паводле іх інфармацыі, націск з боку адміністрацыі калоніі палітвязень звязвае з пачатым ім абскарджаннем спагнанняў у судовым парадку. У прыватнасці суд Горацкага раёна 8 снежня разгледзеў скаргу Жамчужнага на адно са спагнанняў і пакінуў рашэнне адміністрацыі папраўчай установы ў сіле.

Праблемы з адміністрацыяй калоніі ў палітвязня пачаліся пасля яго пераводу ў Горкі, дзе "з папушчальніцтва адміністрацыі для яго былі створаныя невыносныя ў сілу сваёй жорсткасці і зневажальнага характару ўмовы для адбыцця пакарання, арганізавана кампанія яго цкавання, звязаная з усталяваннем у асяроддзі зняволеных нефармальных адносін", адзначаюць праваабаронцы. На 24 кастрычніка быў прызначаны суд аб пераводзе палітвязня на турэмны рэжым зняволення, але напярэдадні судовага працэсу адміністрацыя адклікала сваё прадстаўленне.

Міхаіл Жамчужны — былы дацэнт Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, кандыдат тэхнічных навук, аўтар некалькіх навуковых манаграфій і распрацовак, вынаходнік. Першым у Беларусі зарэгістраваў самаробны аўтамабіль на альтэрнатыўным паліве.

Жамчужны перадаваў звесткі пра ўтрыманнет зняволеных у месцах пазбаўлення волі праваабарончай арганізацыі "Платформа". Быў затрыманы ў 2014 годзе. У ліпені 2015 года Віцебскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у падбухторванні да наўмыснага выдавання звестак, якія складаюць службовую тайну, незаконным набыцці і збыце спецыяльнага тэхнічнага сродку, прызначанага для сакрэтнага атрымання інфармацыі, і дачы хабару. Праваабаронцу прыгаварылі да шасці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Судовая калегія па крымінальных справах Вярхоўнага суда, разгледзеўшы ў кастрычніку таго ж года касацыйную скаргу на прысуд, прызначыла яму больш строгае пакаранне — шэсць з паловай гадоў пазбаўлення волі.

Жамчужны ўтрымліваўся ў калоніі ў Навасадах (Барысаўскі раён, Мінская вобласць), затым у калоніі № 11 у Ваўкавыску (Гродзенская вобласць). 10 ліпеня палітвязень быў пераведзены ў калонію ў Горках (Магілёўская вобласць).
Аляксей Аляксандраў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН