Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2017/12/13/933843_933844/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 00:05
13.12.2017 12:40 Грамадства

Лукашэнка заклікаў распрацоўваць сацыяльныя тэхналогіі для кансалідацыі грамадства і выхавання патрыятызму

Мінск, 13 снежня. "Сёння ствараюцца рэцэпты кіравання свядомасцю людзей. Гэтыя тэхналогіі дзейнічаюць і звонку краіны, у асноўным праз сродкі масавай інфармацыі і інтэрнэт, не заўсёды на карысць Беларусі", — заявіў Аляксандр Лукашэнка 13 снежня на II з'ездзе вучоных Беларусі.
Паводле яго слоў, "трэба навучыцца супрацьстаяць негатыўным тэндэнцыям у гэтай сферы". "Варта распрацоўваць уласныя сацыяльныя тэхналогіі, выкарыстоўваючы іх для кансалідацыі грамадства, выхавання патрыятызму, стымулявання творчай ініцыятывы людзей на ўсіх узроўнях. Адна з актуальных задач, якія стаяць перад гуманітарыямі, — навучыцца прадбачыць актуальныя праблемы і працэсы развіцця грамадства, дапамагаць дзяржаве знаходзіць адэкватныя адказы на новыя выклікі сучаснасці", — сказаў Лукашэнка.

Сёння, адзначыў ён, СМІ і інтэрнэт напоўнены "меркаваннямі розных псеўдааналітыкаў, якія спрабуюць разбурыць стабільнасць і спакой у нашым грамадстве, і не толькі ў нашым". "Сёння ідзе глабальная сусветная вайна, але яна ідзе новымі метадамі, і перш за ўсё ў сродках масавай інфармацыі. І вы — сведкі гэтага. І гэтая вайна, якая сёння вядзецца праз СМІ, практычна дэзарыентуе грамадства. Мы таксама па многіх кірунках дэзарыентаваныя, па многіх вострых праблемах жыцця нашай планеты мы дэзарыентаваныя", — лічыць кіраўнік дзяржавы.

"Мы няправільна, неадэкватна ацэньваем тое, што адбываецца ў самых гарачых кропках планеты па самых гарачых напрамках, таму што сродкі масавай інфармацыі, асабліва моцныя дзяржавы, выкарыстоўваюць для дэзарыентацыі і свайго грамадства, і, на жаль, нашага", — дадаў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у Беларусі не забаронены ніякія СМІ, у тым ліку электронныя, інтэрнэт і гэтак далей. "Яны прастрэльваюць нашу краіну наскрозь. Я не буду называць прыклады, каб потым гэта не стала галоўнай падзеяй нашага з'езда, як гэта ўмеюць зрабіць у СМІ. Вы самі ведаеце, пра што ідзе гаворка, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Неабходна, каб у адказ гучна і выразна гучаў голас аўтарытэтнага вучонага-дзяржаўніка. Колькі з тых тысяч нашых навукоўцаў-дзяржаўнікаў ведае народ? Дзе яны, гэтыя навукоўцы-патрыёты, якія павінны абараніць дзяржаву ў гэтай інфармацыйнай вайне?"

Паводле слоў Лукашэнкі, "часам скардзяцца журналісты, што і навукоўца, і буйнога работніка вытворчасці ў тэлевізар вельмі складана ўцягнуць". "Гэта што — нармальны падыход? Гэта ваша праца сёння. Гэта вы павінны ісці на гэты фронт, каб не было фронту іншага", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН